Беларуская Служба

Прэс-сакратар НАТА Польскаму радыё пра вучэнні ў Беларусі: Альянс захоўвае пільнасць

18.08.2023 13:32
Існуе рызыка гібрыднай дзейнасці, НАТА захоўвае пільнасць.
Фотаздымкі з вучэнняўМіністэрства абароны РБ

Так у Паўночнаатлантычным альянсе каментуюць трэніроўкі беларускіх дэсантнікаў у Брэсцкай вобласці, недалёка ад мяжы з Польшчай. Міністэрства абароны Беларусі паведаміла ў чацвер у сацсетках пра вучэнні з удзелам 38-й дэсантна-штурмавой брыгады. Брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Бэата Пламэцка атрымала каментар прэс-сакратаркі НАТА Оаны Лунгеску.

НАТА ўважліва сочыць за ўсёй ваеннай дзейнасцю ў Беларусі, напісала прэс-сакратар. Яна дадала, што хоць Альянс не бачыць прамой або ўскоснай ваеннай пагрозы з боку Мінска або наймітаў з «Групы Вагнера», то ён захоўвае пільнасць з-за пагрозы гібрыднай дзейнасці.

Оана Лунгеску таксама паведаміла, што штаб знаходзіцца ў цесным кантакце з усімі саюзнікамі. Яна адзначыла, што Польшча, Латвія і Літва ўзмацнілі ахову на мяжы з Беларуссю. Яна таксама нагадала, што НАТА значна ўзмацніла сваю ваенную прысутнасць на ўсходнім флангу ў адказ на агрэсіўныя дзеянні Расіі і прымае меры стрымлівання для абароны кожнага кавалачка саюзнай тэрыторыі.

ав