У Бруселі сур’ёзна разглядаюць субсідыі Еўрасаюза на транспарціроўку ўкраінскага збожжа праз суседнія краіны, у тым ліку Польшчу, паведаміла брусельская карэспандэнтка Польскага радыё Беата Пломэцка. Гэтае пытанне абмяркоўваецца на сустрэчы прадстаўнікоў Еўракамісіі, Украіны, Польшчы, Балгарыі, Румыніі, Славакіі і Венгрыі.
Да сярэдзіны верасня дзейнічае забарона на ўвоз пшаніцы, кукурузы, рапсу і сланечніка з Украіны ў гэтыя краіны, а каранцін хочуць падоўжыць да канца года. Гэты пастулат падтрымлівае камісар па сельскай гаспадарцы Януш Вайцяхоўскі, які таксама выступае за субсідыі на транзіт. Субсідыі дапамогуць вырашыць праблему ўкраінскага збожжа. Улады ў Кіеве дамагаюцца адмены забароны на ўвоз менш чым праз месяц.
Ідэя заключаецца ў тым, каб ЕС у рамках дапамогі Украіне фінансаваў транспарціроўку збожжа ў вызначаныя парты, адкуль яно будзе адпраўляцца ў Афрыку і Азію. «Такая падтрымка транзіту была б лепшым рашэннем. Гэта невялікія выдаткі», – сказаў карэспандэнту Польскага радыё ў Бруселі адзін з удзельнікаў кансультацый з удзелам пяці прыфрантавых краінаў, Украіны і Еўракамісіі.
Іншы суразмоўца Бэаты Пламэцкай назваў ацэначныя выдаткі – пры субсідыях каля 30 еўра за тону можна было б экспартаваць 10 мільёнаў тон збожжа на 300 мільёнаў еўра. За такое рашэнне падчас супольных кансультацыяў выказалася таксама Украіна.
Але пяць краін лічаць, што згода на субсідыі ЕС на транспарт павінна была б быць у пакеце і быць прынятая разам з падаўжэннем забароны на імпарт украінскага збожжа да канца года. Пяць краін сцвярджаюць, што адмена забароны менш чым праз месяц зноў прывядзе да праблем. Прадстаўнікі гэтых краінаў падкрэсліваюць, што маштабы імпарту з Украіны ў тры разы перавышаюць імпарт з краінаў Меркасуру, чаго ў сваю чаргу асцерагаюцца некаторыя краіны Еўрасаюзу, у тым ліку з Заходняй Еўропы.
ав