Беларуская Служба

Урад Ізраіля прыняў рашэнне афіцыйна абвясціць стан вайны

08.10.2023 18:35
Ужо вядома, што распачатая ўчора вайна – самы сур'ёзны і крывавы канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам у гісторыі.
     ,       .
Ізраільскія салдаты нясуць у госпіталь чалавека, параненага ў выніку нападу з боку ХАМАСу.Фота: EPA/ABIR SULTAN

На поўдні Ізраіля, на мяжы з сектарам Газа, працягваюцца баі з баевікамі ХАМАСу, якія ўчора перайшлі тэрыторыю Ізраіля. Больш танкаў і бранятэхнікі таксама накіроўваюцца да мяжы, што можа азначаць непазбежнае наземнае ўварванне Ізраіля ў Газу.

Колькасць ахвяр канфлікту ўжо пераваліла за тысячу. Па меншай меры 600 ізраільцян былі забітыя з учорашняга дня, і ваенныя кажуць, што каля 400 палестынскіх байцоў таксама былі забітыя. ХАМАС, у сваю чаргу, паведамляе, што ў выніку авіяўдараў па Газе загінулі 370 чалавек.

Ідуць самыя інтэнсіўныя авіяўдары па Газе за апошнія гады, і сотні ізраільскіх танкаў і бранятэхнікі накіроўваюцца да мяжы з палестынскім анклавам. Верагодна, гэта прадвесціць наземны наступ у Газе. Урад Ізраіля афіцыйна абвясціў стан вайны, а армія эвакуіруе мірных жыхароў з памежных гарадоў. «Мы праводзім эвакуацыю з усёй тэрыторыі вакол Газы, і наша мэта – завяршыць гэтую аперацыю ў бліжэйшыя гадзіны», – кажа адмірал Даніэль Хагары, прэс-сакратар ізраільскай арміі.

Толькі ў Газе знаходзіцца каля сотні ізраільскіх закладнікаў, выкрадзеных ўчора ХАМАСам. Ізраільская армія мяркуе, што некаторыя з іх загінулі.

Ужо вядома, што распачатая ўчора вайна – самы сур'ёзны і крывавы канфлікт паміж Ізраілем і ХАМАСам у гісторыі. За некалькі дзясяткаў гадзін з абодвух бакоў загінула больш людзей, чым за некалькі дзён у папярэдніх канфліктах.

Учорашні нечаканы напад ХАМАС на Ізраіль асудзіў увесь заходні свет. Большасць арабскіх краін не вызначылі сваю пазіцыю, але заклікаюць да перамірʼя.

IAR/нг