Беларуская Служба

Гуманітарная сітуацыя ў сектары Газа пагаршаецца з кожнай гадзінай

17.10.2023 17:29
Людзі спяць на вуліцах і стаяць у вялізных чэргах, каб купіць хлеб.
Сектар ГазаEPA/HANNIBAL HANSCHKE Dostawca: PAP/EPA.

Палестынскі бок і ААН папярэджваюць, што ў адрэзаным ад свету анклаве ў бліжэйшыя гадзіны можа скончыцца паліва. Мясцовыя выратавальнікі абшукваюць разбамбаваныя Ізраілем будынкі, бо пад заваламі знаходзяцца жывыя людзі.

Паводле ацэнак ААН, з пачатку канфлікту больш за мільён мірных палестынцаў пакінулі свае дамы. Большасць з іх у адпаведнасці з інструкцыямі ізраільскай арміі, якая рыхтуецца да сухапутнага наступу на Газу, беглі на поўдзень анклава. Зараз у горадзе Хан-Юніс знаходзяцца тысячы галодных палестынцаў, бяздомных і жабракоў. Людзі спяць на вуліцах і стаяць у вялізных чэргах, каб купіць хлеб.

ААН папярэджвае, што ў Газе заканчваюцца паліва і харчы. «З 7 кастрычніка мы не можам даставіць ніякай дапамогі на месца, і запасы хутка заканчваюцца», – кажа Джульет Тума з ААН.

Паводле ацэнак, пад абваленымі дамамі можа знаходзіцца нават 1200 чалавек.

На мяжы з Егіптам чакаюць канвоі з гуманітарнай дапамогай, аднак памежны пераход у Рафаху, нягледзячы на ​​заявы ЗША, застаецца закрытым.
Яшчэ да цяперашняй вайны Сектар Газа быў адным з самых бедных месцаў на Зямлі. Гэта таксама самая густанаселеная тэрыторыя на зямным шары. На невялікай тэрыторыі пражывае 2 мільёны чалавек.

З 7 кастрычніка, калі «Хамас» штурмаваў ізраільскія гарады, загінулі больш за 1300 ізраільцян, а ў выніку ізраільскіх авіяўдараў у адказ загінулі больш за 2800 палестынцаў, у тым ліку некалькі сотняў дзяцей.

яс