На зaмену «Групе Вагнера» прыходзіць расійская прыватная вайсковая кампанія «Рэдут». Прадстаўнік украінскай вайсковай выведкі Андрэй Юсаў заявіў, што «Рэдут» вярбуе наймітаў у якасці нібыта добраахвотнікаў, у тым ліку былых байцоў ПВК «Вагнэр».
Паводле звестак выведкі, у цяперашні час групоўка налічвае больш за сем тысяч наймітаў. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну найміты «Рэдут» ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях у Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай і Луганскай абласцях.
У цяперашні час расійскае камандаванне накіроўвае іх для ўдараў па Аўдзееўцы ў Данецкай вобласці. Андрэй Юсаў звярнуў увагу на тое, што групоўка «Рэдут», як і яе папярэднікі з «Вагнера», звязаная з Галоўным разведвальным упраўленнем Генштаба Расіі.
- Групоўка «Рэдут» – гэта найміты, забойцы – часта са стажам, яны таксама вярбуюць палонных. У Расіі няма прыватных ваенных кампаній. Гэта структуры, наўпрост звязаныя з расійскімі спецслужбамі і Міністэрствам абароны, якія выконваюць загады пуцінскага рэжыму. Яны атрымліваюць фінансаванне з бюджэту Расійскай Федэрацыі. Пуцін, каментуючы дзейнасць «Групы Вагнера», прызнаў гэта і паведаміў свету, што «Група Вагнера» фінансуецца з бюджэту. Такая ж сітуацыя і з групай «Рэдут».
Прадстаўнік украінскай выведкі дадаў, што ў руках пуцінскага рэжыму гэтыя вайсковыя кампаніі з'яўляюцца гібрыдным інструментам для ўтойвання рэальных чалавечых страт і маскіроўкі працэсу мабілізацыі. Больш за тое, так званыя «прыватныя арміі» распраўляюцца з тымі, хто пагражае рэжыму, як гэта было ў выпадку з вагнераўцамі.
IAR/аз