Вашынгтон асцерагаецца, што ізраільскі наземны наступ паставіць пад пагрозу намаганні па вызваленню закладнікаў
ЗША параілі Ізраілю адкласці запланаваны наземны наступ у сектары Газа супраць палестынскай групоўкі ХАМАС. Гэта мусіць даць час для перамоваў аб вызваленні закладнікаў, якія ўтрымліваюцца тэрарыстамі, і дастаўкі гуманітарнай дапамогі ў Газу, паведаміла New York Times.
Гэтую пазіцыю Вашынгтон давёў да ўладаў у Тэль-Авіве падчас адной з апошніх перамоваў кіраўніка Пентагона Лойда Осціна і міністра абароны Ізраіля Ёава Галанта. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн таксама павінен быў пракансультавацца па гэтым пытанні ў нядзелю з лідарамі Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Італіі і Канады, паведамляе NYT.
Па словах крыніц у адміністрацыі Байдэна, вызваленне Хамасам двух грамадзян ЗША ў пятніцу выклікала надзею на тое, што астатнія 212 чалавек, якіх трымаюць у Сектары Газа, таксама будуць выратаваны. Вашынгтон асцерагаецца, што магчымы пачатак ізраільскага наземнага наступу можа паставіць пад пагрозу гэтыя намаганні, якія ў цяперашні час прадпрымаюцца ў асноўным праз улады Катара.
Акрамя таго, ЗША хочуць выйграць час, каб лепш падрыхтавацца да магчымых удараў па амерыканскіх аб'ектах на Блізкім Усходзе. На думку кіраўніцтва ЗША, падобныя варожыя захады могуць здзейсніць «групы, якія падтрымліваюцца Іранам», пад якімі ўскосна маецца на ўвазе ў першую чаргу тэрарыстычная арганізацыя «Хезбала», якая дзейнічае ў Ліване.
Абвешчаная прэзідэнтам ЗША згода Ізраілю на «пастаянную гуманітарную дапамогу» для сектара Газа верне сітуацыю ў зыходную кропку, заявіў міністр бяспекі Ізраіля Ітамар Бэн-Гевір на платформе X (раней Twitter).
«Гуманітарная дапамога толькі ў абмен на вызваленне ўсіх выкрадзеных!» – заклікаў кіраўнік ізраільскага міністэрства бяспекі. «Любае пагадненне аб працягванні дапамогі Газе, якое не ўключае вызваленне ўсіх нашых выкрадзеных людзей, зʼяўляецца працягам канцэпцыі, якая прывяла нас туды, дзе мы знаходзімся», – адзначыў Бэн-Гевір, лідар ультраправай партыі Ocma Jehudit (Jewish Power), якая ўваходзіць у блок «Рэлігійны сіянізм»
Прэзідэнт Джо Байдэн абвясціў у нядзелю пасля размовы з прэмʼер-міністрам Ізраілю Біньямінам Нетаньяху, што Ізраіль пагадзіўся дазволіць «бесперапынны» паток гуманітарнай дапамогі ў сектар Газа, нагадвае сайт Times of Israel.
У суботу мяжу перасеклі 20 грузавікоў, у нядзелю – яшчэ 15.
У сектары Газа па-ранейшаму застаюцца 212 мірных закладнікаў, выкрадзеных 7 кастрычніка тэрарыстычнай арганізацыяй ХАМАС. Пасля іх выкрадання Ізраіль спыніў пастаўкі электраэнергіі, ежы і вады ў Газу, абвясціўшы, што пастаўкі будуць адноўлены пасля вызвалення выкрадзеных.
Іран да ЗША і Ізраілю: «Сітуацыя на Блізкім Усходзе можа выйсці з-пад кантролю»
У сваю чаргу міністр замежных справаў Ірану Хасэйн Амір-Абдалахян заявіў у звароце да Ізраілю і ЗША, што сітуацыя на Блізкім Усходзе можа «выйсці з-пад кантролю», калі яны неадкладна не спыняць «злачынствы супраць чалавечнасці і генацыд у сектары Газа».
– Сёння гэты рэгіён стаў парахавой бочкай. (...) Я хачу папярэдзіць Злучаныя Штаты і марыянетачны рэжым у Ізраілі, што калі яны неадкладна не пакладуць канец злачынствам супраць чалавечнасці і генацыду ў Газе, усё стане магчымым у любы час і (сітуацыя) у рэгіён выйдзе з-пад кантролю, – заявіў Хасэйн Амір-Абдалахян.
Больш за 5,4 тыс. чалавек былі параненыя ў Ізраілі пасля нападу на краіну палестынскіх баевікоў ХАМАС 7 кастрычніка, паведаміла ў нядзелю Міністэрства аховы здароўя Ізраілю. Як паведамляе сайт Times of Israel, з таго часу баевікі выпусцілі больш за 7400 ракет. Як паведамляе прэс-служба ўрада, сістэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал» перахапіла 1,1 тыс. з іх, 550 не даляцелі да Ізраілю і ўпалі ў сектары Газа, а больш за 400 пашкодзілі абʼекты ў Ізраілі.
Больш за 1400 чалавек загінулі ў Ізраілі ў выніку жорсткага нападу 7 кастрычніка, калі ХАМАС выпусціў тысячы ракет, а баевікі перайшлі мяжу. Як мінімум 21 дзіця з 13 семʼяў засталіся сіротамі або іх бацькі былі выкрадзеныя, паведаміла ў нядзелю міністэрства сацыяльнага забеспячэння Ізраілю.
PAP / IAR / вх