Як адзначаюць амерыканскія аналітыкі, на ўчастак фронту ў раёне моцна ўмацаванай Аўдзееўкі па-ранейшаму перакідваюцца дадатковыя расійскія сілы, нягледзячы на правал чарговай атакі 19-20 кастрычніка.
ISW спасылаецца на паведамленні расійскіх крыніцаў, паводле якіх істотных зменаў на лініі фронту ў нядзелю каля Аўдзееўкі не адбылося, і мяркуе, што расіяне ўзялі яшчэ адну паўзу пасля таго, як іх буйная атака правалілася і прывяла да вялікіх стратаў.
Аналітычны цэнтр таксама адзначае супярэчлівыя расійскія меркаванні аб украінскім контрнаступе ў напрамку пасёлка Пяскі (8 км на паўднёвы захад ад Аўдзееўкі).
Рэпартажы расійскіх т.зв ваенны хблогераў пацвярджаюць папярэднія ацэнкі экспертаў аб тым, што франтальныя наземныя ўдары па моцна ўмацаваных украінскіх пазіцыях у раёне Аўдзееўкі надзвычай цяжкія і наносяць вялікія страты расійскаму боку.
«Гэтыя выклікі вельмі падобныя на тыя, з якімі сутыкнуліся ўкраінцы, калі яны пачалі контрнаступ на поўдні Украіны ў чэрвені 2023 года». – адзначае ISW, дадаючы, што пакуль незразумела, ці змогуць расійскія войскі неяк адаптавацца і пераадолець гэтыя праблемы, як гэта зрабілі ўкраінцы пасля першых няўдач.
Паводле паведамленняў украінскага боку, нягледзячы на вялікія страты, расіяне перакідваюць у раён Аўдзееўкі дадатковыя сілы, у тым ліку мабілізаваных вайскоўцаў з расійскай тэрыторыі.
Украінскія войскі застаюцца ў Аўдзееўцы пад Данецкам з пачатку ўзброенага канфлікту ў 2014 годзе. Горад - цэнтр вялікага выступу, які ўдаецца ў расійскую абарону, і калі зрэзаць яго, гэта дазволіла б адсунуць лінію фронту ад Данецка.
Паводле PAP / вх