Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) паведаміў, што ўчора, падчас найбуйнейшай атакі беспілотнікаў на Украіну, расіяне выкарысталі новую мадыфікацыю іранскіх беспілотнікаў Shahed 131/136. Яны запусцілі 75 беспілотнікаў – найбольшую колькасць з пачатку ўварвання. Было знішчана 74 машыны, у тым ліку 66 над Кіевам і ваколіцамі.
Як паведамляе ISW, прэс-сакратар ВПС Украіны палкоўнік Юрый Ігнат заявіў, што расійскія войскі атакавалі сталіцу Украіны мадыфікаванымі дронамі Shahed. Ён адзначыў, што гэтыя беспілотнікі былі чорнага колеру і ўтрымлівалі матэрыял, які паглынаў радыёлакацыйныя сігналы, што ўскладняла іх выяўленне. Расійскія ваенныя аглядальнікі таксама заявілі, што іх армія ўпершыню выкарыстала беспілотнікі «чорная герань», што з'яўляецца расійскай назвай іранскай тэхнікі.
Аналітыкі амерыканскага аналітычнага цэнтра падкрэслілі, што іранскія СМІ 19 лістапада апублікавалі кадры з прэзентацыі ў іранскім Аэракасмічным універсітэце навукі і тэхналогій мадыфікацыі рэактыўнага беспілотніка тыпу Shahed-238. «Прадстаўленая тэхніка была чорнага колеру, але невядома, ці выкарыстоўвалі расійскія войскі мадыфікацыю Shahed-238 падчас учорашняй атакі», – гаворыцца ў паведамленні.
IAR/нг