Беларуская Служба

Кіраўнік МУС Германіі: У краіне захоўваецца высокая пагроза тэрарызму

30.11.2023 13:06
«Вайна ў сектары Газа непасрэдна ўплывае на сітуацыю з бяспекай у Германіі», – заявіла ў чацвер міністр унутраных спраў Германіі Нэнсі Фэзер. Ісламісцкія тэрарыстычныя арганізацыі, а таксама асобныя ісламісцкія злачынцы ўяўляюць сабой сур'ёзную пастаянную пагрозу, сказала палітык у інтэрвʼю RND.
Nancy Faeser, minister spraw wewnętrznych Niemiec
Nancy Faeser, minister spraw wewnętrznych NiemiecPAP/EPA/Peter Lehoczky

На думку міністра, рызыка далейшай радыкалізацыі «высокая».

«У апошнія тыдні мы прымаем такія паслядоўныя дзеянні супраць ісламістаў, таму што ўважліва сочым за змяненнем сітуацыі з пагрозамі», – падкрэсліў палітык. «Мы знішчаем ісламісцкія структуры і спыняем тэрарыстычную прапаганду, накіраваную на натхненне і радыкалізацыю злачынцаў», – сказала кіраўнца МУС.

Дзякуючы Федэральнаму ведамству па крымінальных справах было выдалена каля 170 каналаў або іншага кантэнту ў сетцы Telegram, «якія выкарыстоўваліся для распаўсюджвання агіднай антысеміцкай і ісламісцкай прапаганды», паведамляе Фэзер.

У сераду суд Леверкузена выдаў ордар на арышт 15-гадовага падлетка з раёна Рэйніш-Бергіш у Паўночным Рэйне-Вестфаліі (NRW) за планаванне і падрыхтоўку ісламісцкага тэракту. У сувязі з брандэнбургскай справай паліцыя таксама арыштавала маладога чалавека па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэракту. Міністр унутраных спраў NRW Герберт Рэул распавёў пра «вельмі канкрэтны план нападу на калядны кірмаш».

Перад тым, як стала вядома пра арышты, Упраўленне па ахове канстытуцыі папярэдзіла ў сераду, што апошнім часам у кантэксце канфлікту Ізраілю з палестынскай тэрарыстычнай арганізацыяй ХАМАС павялічваецца рызыка магчымых нападаў.

PAP/вх