Няма прэсінгу з боку заходніх палітыкаў на Украіну, каб яна пачала мірныя перамовы з Расіяй. Аб гэтым заявіў палітолаг Берлінскага цэнтра Карнегі Максім Самарукаў. На яго думку, дыскусія на гэтую тэму вядзецца выключна на ўзроўні СМІ. У інтэрв'ю незалежнаму сайту Meduza эксперт прызнаў, што заходняя грамадская думка ўжо стамілася ад вайны ва Украіне, але гэта не значыць, што падтрымка Кіеву слабее.
Ужо некалькі тыдняў сусветныя СМІ звяртаюць увагу на змяншэнне зацікаўлення вайной ва Украіне. Журналісты таксама паведамляюць аб тым, што ў ЗША зацягнуўся працэс прыняцця рашэння аб фінансавай падтрымцы Кіева.
На думку палітолага, Захад сапраўды стаміўся ад вайны ва Украіне, але на афіцыйным узроўні ніхто не цісне на Кіеў з патрабаваннем перамірʼя. «Пакуль дыскусія працягваецца на ўзроўні СМІ, і мы нават не чуем нейкіх нефармальных уцечак пра тое, што Захад будзе патрабаваць ад Кіева пачаць такія перамовы», – падкрэсліў Максім Самарукаў. Эксперт дадаў, што палітыкі ў еўрапейскіх сталіцах і ў Вашынгтоне разумеюць, што на цяперашнім этапе вайны няма гарантый, што перамовы аб спыненні агню могуць быць паспяховымі.
IAR/Мацей Ястшэмбскі
нг