Польскія перавозчыкі пачалі чацвёрты тыдзень пратэсту на польска-ўкраінскай мяжы. Яны патрабуюць вяртання сістэмы дазволаў на ўезд грузавікоў з Украіны ў ЕС, вырашэння праблем з украінскай сістэмай электроннай чаргі, забароны на рэгістрацыю ў Польшчы транспартных кампаній з усходнім капіталам, створаных пасля пачатку вайны ва Украіне, а таксама праверкі такіх кампаній.
Перавозчыкі блакуюць памежныя пераходы ў Люблінскім ваяводстве – у Дарагуску і Грэбенным, а таксама ў Падкарпацкім ваяводстве – у Карчовай і Мэдыцы, дзе іх пратэст падтрымліваюць таксама польскія фермеры.
Па абодва бакі мяжы ўтварыліся шматкіламетровыя чэргі, а мытнае афармленне займае некалькі дзён.
Перавозчыкі заяўляюць, што яны гатовыя ў любы момант узмацніць пратэст і перакрыць наступныя пераходы, аднак разлічваюць на паразуменне з украінскім бокам і польскім урадам.
Ва Украіну пратэстоўцы прапускаюць па тры фуры з камерцыйным грузам на гадзіну. Адначасова яны дазваляюць нармальны праезд бензацыстэрнаў, транспартных сродкаў, якія перавозяць гуманітарную дапамогу, прадукты харчавання, якія хутка псуюцца, ваенныя і небяспечныя матэрыялы. Праязджаюць і легкавыя машыны.
Пратэстоўцы падкрэсліваюць, што яны падтрымліваюць Украіну ў вайне з Расіяй, але змагаюцца за ўласнае выжыванне.
IAR/аз