Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заявіў, што ў сектары Газа ўзрастае рызыка здзяйснення злачынстваў, кваліфікаваных як генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Фолкер Цюрк таксама перасцерагае абодва бакі канфлікту ад выкарыстання ў сваіх заявах рыторыкі, якая можа падштурхнуць да жорсткасці.
У размове з журналістамі ў Жэневе вярхоўны камісар ААН падкрэсліў, што прадстаўнікі гуманітарных арганізацый, якія дзейнічаюць у сектары Газа, характарызуюць стан палестынскага анклава як «апакаліптычны». Фолкер Цюрк звярнуўся да абодвух бакоў канфлікту і да прадстаўнікоў уплывовых краін як мага хутчэй прыняць меры па прадухіленні злачынстваў.
Агенцтва ААН па справах палестынскіх бежанцаў на Блізкім Усходзе раней папярэдзіла, што ўвесь сектар Газа ў цяперашні час з'яўляецца адным з самых небяспечных месцаў для жыцця.
Апошнімі днямі ізраільскія войскі актывізавалі вайсковыя дзеянні на поўдні палестынскага анклаву, асабліва ў другім па велічыні горадзе сектару Газа – Хан-Юнісе. Паводле Ізраілю, там ідуць самыя жорсткія баі з пачатку вайны.
Армія раней загадала амаль двум мільёнам грамадзянскіх асоб на поўдні Газы эвакуявацца ў прызначаныя ёй «бяспечныя зоны». Аднак, паводле агенцтваў ААН, якія працуюць у ахопленых вайной раёнах, у сектары Газа больш няма бяспечнага месца.
З 7 кастрычніка, калі ХАМАС напаў на Ізраіль, забіўшы 1200 чалавек, ізраільская армія праводзіць дзеянні ў адказ. З палестынскага боку загінулі больш за 16 тысяч чалавек, у тым ліку больш за 7 тысяч дзяцей. Яшчэ тысячы лічацца прапаўшымі без вестак.
яс