Беларуская Служба

«WSJ»: Новы контрнаступ Украіна можа пачаць толькі ў 2025 годзе

09.12.2023 07:50
Знясіленай Украіне патрэбны час, каб аднавіць свой патэнцыял, і яна, магчыма, зможа пачаць новы значны контрнаступ супраць расійскіх войскаў толькі ў 2025 годзе – піша Wall Street Journal са спасылкай на заходніх дыпламатаў і ваенных стратэгаў.
Солдат ВСУФото: facebook.com/UALandForces/18ОМБР

Затратная і шматмесячная кампанія па адпору расійскім войскам скончылася невялікім зрухам лініі фронту. Пад пытаннем эканамічная і вайсковая падтрымка з боку ЗША і Еўропы, узмацняюцца ўнутрыпалітычныя расколіны, слабее маральны дух украінскага грамадства, адзначае нью-ёркская газета.

Не выключана, што ўкраінскія сілы цяпер проста рыхтуюцца спыніць далейшы наступ Расіі на фронце, адзначае «WSJ».

Здольнасць Украіны вярнуць сабе больш тэрыторыі цяпер пад сумневам з-за пераходу расійскай эканомікі на рэйкі вайны, тупіка вакол пакета дапамогі ЗША Украіне і цяжкасцяў з новым траншам дапамогі ад ЕС, які можа быць скарочаны або адкладзены. У сваю чаргу ў Кіеве нарастае «зласлівасць» паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і камандуючым арміяй Валерыем Залужным, а некаторыя вайскоўцы на фронце эканомяць боепрыпасы, бо не ведаюць, на колькі іх хопіць. Пры гэтым Расія дагнала Украіну па выкарыстанні беспілотнікаў.

Wall Street Journal падкрэслівае, што Расія не паказвае ніякіх прыкметаў адмовы ад першапачатковай мэты вайны – акупацыі Украіны.

Як піша «WSJ», міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба заявіў, што любое спыненне баёў дасць расійскім войскам шанец перагрупавацца і пачаць новую ваенную аперацыю. «Адзіным вынікам было б тое, што Расія акрыяла б ад страт і праблем, з якімі сутыкнулася ва Украіне, і нанесла б яшчэ адзін удар», – сказаў міністр. «Мы рыхтуем нашы брыгады да новых контрнаступальных і абарончых дзеянняў», – сказаў ён.

На думку заходніх стратэгаў, найлепшы сцэнар прадугледжвае, што наступны год стане перыядам, калі ўкраінскае войска зможа аднавіць свае сілы. Гэта адбудзецца пры ўмове, што Украіне і яе саюзнікам удасца пераадолець цяперашнія цяжкасці і працягнуць аказваць падтрымку вайскоўцам, падкрэслівае «WSJ».

Паводле гэтага сцэнару, абмежаваная колькасць украінскіх вайскоўцаў будзе трымаць расійскія сілы на бяспечнай адлегласці, а за гэты час краіны НАТА паспеюць навучыць новых украінскіх салдат, павялічаць вытворчасць зброі і папоўняць украінскія запасы.

Падчас апошняй сустрэчы міністраў замежных спраў краін НАТА ў Бруселі таксама выказвалася надзея, што спроба Расіі сарваць украінскую абарону скончыцца правалам і адаб'ецца на расійскіх рэсурсах вайскоўцаў і боепрыпасаў. Гэта можа даць Украіне лепшую перспектыву аднавіць ініцыятыву на полі бою ў 2025 годзе, калі яна выстаіць у наступным годзе, працягвае штодзённік.

«WSJ» таксама адзначае, што падчас сустрэчы ў Бруселі гаварылася, што ў першыя дні поўнамаштабнай вайны эксперты папярэджвалі, што гэта будзе доўгая барацьба. Пасля значных украінскіх поспехаў на фронце ўзмацнілася надзея на хуткае вырашэнне канфлікту. Але цяпер трэба памятаць, што гэта будзе зацяжная вайна, сказаў адзін з еўрапейскіх дыпламатаў.

PAP/вх