Беларуская Служба

У ноч на суботу сталіцу Украіны атакавалі беспілотнікі, усе яны былі знішчаны

16.12.2023 08:29
У горадзе ніхто не пацярпеў.
Shahed drone
Shahed dronePhoto: Anelo/Shutterstock

Кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі Сяргей Папко паведаміў, што сёння ноччу сталіцу Украіны атакавалі беспілотнікі «Shahed» – яны ляцелі групамі, хвалямі і па розных напрамках. Сілы СПА ўсе беспілотнікі знішчылі, удакладніў Папко.

Паводле яго слоў, у выніку працы СПА і падзення абломкаў у горадзе ніхто не пацярпеў.

Папко дадаў, што атакі на Кіеў у снежні нагадваюць яму тактыку расійскіх ваенных «узору мая 2023 года», калі пастаянна мяняліся, камбінаваліся, чаргаваліся віды і тыпы сродкаў паветранага паражэння. «Такі ж сцэнар кіяўляне адчулі ў першай палове снежня. Ударныя БПЛА, крылатыя ракеты са стратэгічных бамбавікоў, «Іскандэры», «Кінжалы» ляцяць на Кіеў па чарзе, змяняючы адзін аднаго », – напісаў кіраўнік Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі.

На гэтым тыдні расіяне двойчы наносілі па Кіеве ўдар балістычнымі ракетамі – у панядзелак і ў сераду. У выніку атакі ў ноч на сераду пацярпелі, паводле інфармацыі гарадскіх уладаў Кіева, больш за 50 чалавек.

Крыніца: Кіеўская гарадская адміністрацыя

нг