Беларуская Служба

Мінабароны ФРГ: Да пагроз Пуціна краінам Балтыі, Грузіі і Малдовы трэба ставіцца сур'ёзна

16.12.2023 15:21
«Мы можам сутыкнуцца з небяспекай у канцы гэтага дзесяцігоддзя».
 .
Уладзімір Пуцін.Фота: Frederic Legrand - COMEO/Shutterstock

Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус у інтэрвʼю газеце «Welt am Sonntag» адзначыў, што да пагрозаў Уладзіміра Пуціна ў адрас краін Балтыі, Грузіі і Малдовы трэба ставіцца вельмі сур’ёзна. 

Паводле кіраўніка нямецкага Мінабароны, пагрозы прэзідэнта Расіі ў адрас, між іншым, балтыйскіх краін вельмі рэальныя. – Можна выказаць здагадку, што ў наступнае дзесяцігоддзе ЗША будуць больш уцягнутыя ў Ціхаакіянскі рэгіён, чым цяпер – незалежна ад таго, хто стане наступным прэзідэнтам і незалежна ад таго, што будзе – спадзяюся, умеранае – скарачэнне амерыканскага ўдзелу ў Еўропе – адзначыў Барыс Пісторыус. – Гэта азначае, што мы, еўрапейцы, павінны ўзмацніць свае магчымасці гарантаваць бяспеку на нашым кантыненце, – дадаў ён.

На яго думку, «абароннай прамысловасці патрэбны час, каб нарасціць свае магутнасці. Цяпер у нас ёсць каля пяці-васьмі гадоў, каб нагнаць страчанае – і ва ўзброеных сілах, і ў прамысловасці, і ў грамадстве». Нямецкі міністр таксама адзначыў, што «Пуцін цяпер значна нарошчвае расійскую абаронную вытворчасць». – У той жа час да яго пагроз у адрас краін Балтыі, Грузіі і Малдовы трэба ставіцца вельмі сурʼёзна. Гэта не проста бразганне зброяй«. Мы можам сутыкнуцца з небяспекай у канцы гэтага дзесяцігоддзя, сказаў Барыс Пісторыус. «Але да таго часу мы будзем да іх гатовыя», – запэўніў міністр абароны.

На пытанне «Welt am Sonntag», ці можа той факт, што «з гэтага тыдня ў Варшаве зноў дружалюбны Еўропе ўрад, дадаць вайсковы складнік да Веймарскага трыкутніка Парыжа, Берліна і Варшавы», Барыс Пісторыус адказаў: «Так, вядома. Мы вельмі зацікаўлены». – Я павіншаваў новага калегу адразу пасля інаўгурацыі і запрасіў у Берлін. Я хацеў бы як мага хутчэй паехаць у Польшчу ў новым годзе, заявіў кіраўнік Мінабароны Германіі.

ПР 24

нг