Беларуская Служба

Балгарыя адмаўляецца прыняць дадатковыя ўмовы Аўстрыі адносна Шэнгенскай зоны

02.01.2024 13:55
Міністр унутраных спраў Балгарыі Калін Стаянаў заявіў мясцовым СМІ, што яго краіна не прыме дадатковыя ўмовы, пастаўленыя Аўстрыяй, каб новыя краіны маглі цалкам далучыцца да Шэнгенскай зоны. Размова ідзе аб прыёме ўцекачоў з Сірыі і Афганістана.
Ілюстрацыйнае фотаPAP/EPA/VASSIL DONEV

Кіраўнік МУС Балгарыі Калін Стаянаў заявіў, што ўступленне Балгарыі ў Шэнгенскую зону ў марскіх і паветраных зносінах з'яўляецца выключным крокам да поўнай інтэграцыі краіны з Еўрапейскім саюзам. Паводле яго слоў, адкліканне Аўстрыяй права вета таксама зʼяўляецца вынікам напружанай працы, якую балгарскія ўлады правялі на балгарска-турэцкай мяжы. Міністр сказаў, што апошнія некалькі месяцаў у гэтым раёне, які лічыцца «варотамі» балканскага шляху нелегальных мігрантаў, было выключна спакойна.

Стаянаў таксама паведаміў, што пакуль няма канкрэтнай даты далучэння Румыніі і Балгарыі да Шэнгенскай зоны ў частцы сухапутных межаў. Перамовы пройдуць паміж зацікаўленымі краінамі, Аўстрыяй, якая выстаўляе дадтковы ўмовы, і Еўракамісіяй.

Кіраўнік МУС заявіў, што Балгарыя не пагодзіцца на кожную просьбу Аўстрыі. Урад у Вене, напрыклад, хоча, каб Балгарыя прымала ўсіх бежанцаў з Сірыі і Афганістана, якія знаходзяцца пад вартай у Аўстрыі. Калін Стаянаў запэўніў балгараў, што ім не трэба хвалявацца – краіна не прымае і не будзе прымаць людзей, за якіх не нясе адказнасці.

Румынія і Балгарыя будуць прынятыя ў Шэнгенскую зону з 31 сакавіка 2024 г. Грамадзяне Румыніі і Балгарыі змогуць падарожнічаць паветраным і марскім транспартам без пашпартоў у краіны Шэнгенскай зоны, у якую ўваходзяць 25 з 27 краін Еўрасаюза. У зону таксама ўваходзяць чатыры асацыяваныя з ЕС краіны: Швейцарыя, Нарвегія, Ісландыя і Ліхтэнштэйн.

Апошняй краінай, якая далучылася да Шэнгенскай зоны, была Харватыя. Яе далучэнне адбылося 1 студзеня 2023 года.

IAR/вх