Тэлеграм-каналы апублікавалі відэа з захопнікамі, якія называюць сябе прыхільнікамі ІДІЛ. Закладнікаў вызвалілі пры штурме.
Спецназ штурмаваў будынак СІЗА-1 у Растове-на-Доне, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на заяву ФСВП (Федэральная служба выканання пакаранняў).
Зняволеныя, якія ўзялі ў закладнікі двух супрацоўнікаў ізалятара, забітыя. Закладнікі вызваленыя, яны не пацярпелі.
З паведамлення ведамства незразумела, ці застаўся хтосьці са зняволеных жывы. Тэлеграм-каналы распаўсюдзілі відэа з целамі забітых зняволеных. Адзін супрацоўнік ФСВП атрымаў нязначнае раненне падчас штурму.
Зняволеныя следчага ізалятара №1 Растова-на-Доне захапілі ў закладнікі двух супрацоўнікаў СІЗА, паведаміла раніцай 16 чэрвеня ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў (ФСВП) па Растоўскай вобласці.
Па дадзеных тэлеграм-канала Baza, шэсць (па іншай версіі – сем) абвінавачаных выбілі аконную рашотку ў сваёй камеры і праніклі ў дзяжурную частку. Яны захапілі ў закладнікі начальніка аператыўнага ўпраўлення падпалкоўніка Аляксандра Богму і малодшага інспектара дзяжурнай службы Віктара Канчакова, а таксама запатрабавалі машыну, зброю і магчымасць з'ехаць з ізалятара.
У сваю чаргу ТАСС у праваахоўных органах заявілі, што зняволеныя, якія захапілі закладнікаў, утрымліваліся ў розных камерах, але паміж імі была сувязь, а захоп рыхтаваўся некалькі месяцаў і каардынаваўся звонку.
Расійскія агенцтвы і тэлеграм-каналы паведамляюць, што частка зняволеных, якія захапілі закладнікаў, былі асуджаныя па тэрарыстычных артыкулах. Baza апублікавала прозвішчы шасці зняволеных: Сайпудзінаў, Камнееў, Ціцкіў, Гірэяў, Акіеў і Гандалоеў.
Напрыклад, Сайпудзінава, паводле звестак Baza, абвінавацілі ў рабаванні і разбоі (пункты «а» і «г» часткі 2 артыкула 161 КК, артыкул 162 КК), а Шаміля Акіева, Тамерлана Гірэева і Азамата Ціцкіева – ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі (частка 2 205.5 КК). Ім ставяць у віну ўдзел у ІДІЛ і падрыхтоўку тэракту ў будынку Вярхоўнага суда ў Карачаева-Чаркесіі ў снежні 2023 года. У сакавіку іх прыгаварылі да тэрмінаў ад 18 да 18,5 гадоў калоніі строгага рэжыму.
СІЗА-1, дзе захапілі закладнікаў, знаходзіцца ў цэнтры Растова-на-Доне. Там могуць знаходзіцца да 729 чалавек.
Паводле meduza.io/вх