Украінская супрацьпаветраная абарона збіла мінулай ноччу ўсе 10 беспілотнікаў «Шахед-131/136», якімі расійскія войскі атакавалі Украіну, паведаміў раніцай у аўторак камандуючы ВПС Украіны генерал Мікалай Аляшчук.
«У ноч (з 17 на 18 чэрвеня) праціўнік нанёс удар з 10 баявых беспілотных авіяцыйных комплексаў «Шахед-131/136» з тэрыторыі Прыморска-Ахтарскага раёна (Краснадарскі край) Расіі», - гаворыцца ў паведамленні.
Аляшчук адзначыў, што ў выніку баявых дзеянняў мабільных стралковых груп УС Украіны і зенітных ракетных падраздзяленняў ВПС усе «Шахеды» былі збітыя над Запарожскай і Днепрапятроўскай абласцямі на паўднёвым усходзе Украіны.
У сваю чаргу ўкраінскія беспілотнікі нанеслі ўдар па горадзе Азоў Растоўскай вобласці (РФ), у выніку чаго ўзарваліся цыстэрны з нафтапрадуктамі. Пра гэта паведаміў губернатар Растоўскай вобласці Васіль Голубеў.
Па словах расійскага чыноўніка, пацярпелых у выніку інцыдэнту няма, а пажарныя спрабуюць патушыць полымя. Прэс-служба МНС Расіі паведаміла, што плошча пажару на нафтабазе ў Растоўскай вобласці ў Азоўскім раёне складае 5 тысяч кубаметраў. У паведамленні міністэрства таксама гаворыцца, што да месца пажару быў накіраваны пажарны эшалон. У тушэнні задзейнічаны 73 спецыялісты і 21 адзінка тэхнікі.
ПР/юл