Беларуская Служба

У Чарнагорыі афіцыйна забаронена вяшчанне расійскіх СМІ

10.07.2024 15:32
Улады Чарнагорыі афіцыйным дакументам забаранілі вяшчанне і распаўсюд расійскіх СМІ ў краіне. Рашэнне ўжо выклікала рэзкую рэакцыю Крамля.
Ілюстрацыйнае фотаEPA/SARAH YENESEL Dostawca: PAP/EPA.

Справа тычыцца дваццаці расійскіх выданняў, у тым ліку дзяржаўных тэлеканалаў. Іх распаўсюд праз кабельныя сеткі, спадарожнік і Інтэрнэт быў цалкам забаронены.

З сённяшняга дня ніводнаму са СМІ, якія ўваходзяць у спіс, не дазволена вяшчаць у Чарнагорыі. Гэта фармалізацыя дзеянняў, якія фактычна былі прадпрынятыя два гады таму, пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны. Практычна з таго моманту доступ да расійскіх каналаў быў абмежаваны. Гэта матывавана жаданнем не дапусціць распаўсюджвання расійскай прапаганды і дэзінфармацыі.

Рашэнне выклікала рэзкую рэакцыю расійскага МЗС не толькі з-за вялікай растйскай дыяспары ў Чарнагорыі. Прэс-сакратар міністэрства Марыя Захарава заявіла СМІ, што рашэнне балканскай краіны ёсць«варожым актам адкрытай цэнзуры» і парушае «свабоду СМІ». Хоць фактычна ўжо два гады ў Чарнагорыі няма расійскага тэлебачання, Захарава лічыць, што рашэнне мясцовага медыярэгулятара — гэта жаданне дагадзіць Брусэлю на шляху да еўраінтэграцыі.

ПР/юл