У Еўрапейскім парламенце заклікалі Еўракамісію прыпыніць удзел Венгрыі ў Шэнгенскай зоне з-за змякчэння візавых абмежаванняў для грамадзян Беларусі і Расіі, паведамляе Politico. Адпаведны ліст падпісалі 70 членаў Еўрапарламенту.
«Мы заклікаем Еўрапейскую камісію прыняць неадкладныя меры па расследаванні рашэння Венгрыі, паколькі яно можа стаць лазейкай і патэнцыйна паставіць пад пагрозу агульнае функцыянаванне Шэнгенскай зоны ды яе ролю як бяспечнай прасторы для грамадзян», - зазначаецца ў звароце.
Ліст ініцыявалі дэпутаты Данушы Нярудава з Чэхіі і Пятрас Аўштравічус з Літвы.
У звароце зазначаецца, што ў выпадку, калі ўрад у Будапешце адмовіцца змяніць сваю палітыку, у Еўрасаюзе павінны «паставіць пад пытанне венгерскую прысутнасць у Шэнгенскай зоне». У лісце таксама гаворыцца аб магчымасці іншых дзяржаў ЕС не прызнаваць венгерскія візы і ўвесці кантроль на межах.
Раней афіцыйная Вільня заявіла, што Літва абскардзіць у Еўрапейскай камісіі рашэнне Венгрыі аб спрашчэнні ўезду для грамадзян Беларусі і Расіі, паколькі гэты крок пагражае бяспецы ўсяго Еўрасаюза.
вс