Беларуская Служба

СМІ пра выбары ў Малдове: Пуцін зробіць шмат для кантролю над былымі савецкімі рэспублікамі

04.11.2024 12:20
Галасаванне праходзіла ў атмасферы адкрытых фальсіфікацый і запалохвання, а ў апошнія дні стала відавочнай закулісная роля Крамля.
Выбары ў МалдовеPAP/EPA/ROBERT GHEMENT

Дзеючая прэзідэнт Малдовы Мая Санду, паводле звестак 99,77 выбарчых камісій, набрала 55,37% галасоў у нядзельным галасаванні ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў. Яе супернік Аляксандр Стаянагла атрымаў 44,63%.

Бельгійскі штодзённік «De Standaard» пасля прэзідэнцкіх выбараў у Малдове ацаніў, што Пуцін здольны зрабіць шмат для «навядзення парадку» ў былых савецкіх рэспубліках, якія аддаляюцца ад Масквы. На думку карэспандэнта галандскай тэлерадыёкампаніі NOS, выбары ў Малдове былі «больш цікавымі, чым чакалася».

«De Standaard» нагадала інфармацыю аб тым, што Крэмль спрабаваў «купіць» вынік прэзідэнцкіх выбараў у Малдове. «Паводле афіцыйных крыніц, Масква нібыта ўклала 100 мільёнаў долараў у фальсіфікацыі выбараў, якія павінны былі прывесці да паразы праеўрапейскага кандыдата ў прэзідэнты Маі Санду», — гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у панядзелак у фламандскай штодзённай газеце.

Як падкрэсліваецца ў тэксце, галасаванне праходзіла ў атмасферы адкрытых фальсіфікацый і запалохвання, а ў апошнія дні стала відавочнай закулісная роля Крамля. «Пуцін паклаў шмат грошай на стол, каб купіць саюзніка ў Кішынёве», — каментуе газета, дадаючы, што выбары ў Малдове паказалі, што Расія здольная зрабіць шмат, каб атрымаць кантроль над былымі рэспублікамі Савецкага Саюза.

Бельгійскі штодзённік «Le Soir» ацаніў, што Малдова пацвердзіла свой еўрапейскі курс праз два тыдні пасля перамогі на рэферэндуме аб уключэнні еўраінтэграцыі ў канстытуцыю, а Санду перамагла «чалавека Масквы». Газета таксама нагадала, што Санду, якая была першай жанчынай, якая заняла найвышэйшую пасаду ў краіне, размешчанай паміж НАТА і расійскай сферай уплыву, адвярнулася ад Уладзіміра Пуціна пасля расійскага ўварвання ва Украіну і зрабіла відавочны паварот у бок Захаду.

Крысціян Паўвэ, карэспандэнт нідэрландскай тэлекампаніі NOS па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, таксама параўнаў прэзідэнцкія выбары ў Малдове з нядаўнім рэферэндумам аб ЕС. «Тады першапачаткова перавага была ў прарасійскага лагера, але галасы малдаўскай дыяспары змянілі яе», — адзначыў журналіст.

Ён дадаў, што выбары ў нядзелю былі значна больш цікавымі, чым чакалася - галоўным чынам з-за ўмяшання Расіі ў іх ход, у тым ліку пагрозы выбухоўкі, нібыта закладзенай на выбарчых участках.

Паўэ падкрэсліў, што пасля перамогі Санду можа працягваць свае планы па падрыхтоўцы Малдовы да членства ў ЕС. Пры гэтым ён адзначыў, што частка краіны па-ранейшаму аддае перавагу захаванню добрых адносін з Расіяй. «Некаторыя грамадзяне занепакоеныя тым, што цяперашні курс азначае для Малдовы. Тым больш, што ва Украіне і Грузіі яны бачаць, да чаго могуць прывесці еўрапейскія амбіцыі», - сказаў на заканчэнне журналіст.

ав