Пенсільванія, Джорджыя, Паўночная Караліна і Фларыда - гэта штаты, дзе ўжо зачыніліся выбарчыя ўчасткі і падлічваюцца галасы, пададзеныя на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.
Падлічаныя галасы паказваюць, што Дональд Трамп - як і чакалася - перамагае ў такіх штатах, як Кентукі, Індыяна, Алабама і Фларыда.
«Я галасаваў за Дональда Трампа, таму што лічу, што ў нас праблема на мяжы, цэны занадта высокія. Вельмі сумна, што так адбываецца. Я галасаваў, бо хачу, каб гэта змянілася», — сказаў Польскаму радыё адзін з прыхільнікаў былога прэзідэнта з Уэст-Палм-Біч (Фларыда).
Камала Харыс перамагае ў штатах, якія лічацца дэмакратычнымі, такіх як Вермонт, Мэрыленд і Масачусэтс. Паводле экзіт-полаў, найважнейшым пытаннем для жыхароў Пенсільваніі, якія прагаласавалі на сёлетніх выбарах, была будучыня дэмакратыі. Пра гэта заявілі 33% выбаршчыкаў. Для 30% найбольш важным пытаннем была эканоміка, а 15% адзначылі аборты. Пенсільванія з'яўляецца самым каштоўным сярод хісткіх штатам, таму што мае ажно 19 галасоў выбаршчыкаў. Тое, якія будуць вынікі ў гэтым штаце, можа вызначыць, хто пераможа ў барацьбе за Белы дом.
З апошніх дадзеных вынікае, што Дональд Трамп перамагае ў штаце Пенсільваніі, дзякуючы чаму набірае 19 галасоў электараў з выбарчай калегіі і вельмі блізкі да вяртання ў Белы дом. Такім чынам, ён можа разлічваць як мінімум на 265 галасоў выбаршчыкаў. Для перамогі на выбарах патрэбна 270 галасоў.
Пакуль пацверджана, што Дональд Трамп таксама перамог яшчэ ў двух хісткіх штатах — Паўночнай Караліне і Джорджыі.
ПР/юл