Беларуская Служба

Літва прыняла новы закон аб нацыянальных меншасцях

07.11.2024 13:21
Дакумент крытыкуе Выбарчая акцыя палякаў Літвы – Саюз хрысціянскіх сем'яў.
.
.PAP/Valdemar Doveiko

Літоўскі парламент прыняў новы закон аб нацыянальных меншасцях. Тэрмін дзеяння папярэдняга скончыўся больш за 14 гадоў таму. Самай вялікай нацыянальнай меншасцю ў Літве з'яўляюцца палякі.

За прыняцце дакумента прагаласавалі 67 дэпутатаў, чацвёра ўстрымаліся. Галасаванне байкатавала апазіцыя, якой не падабаецца канчатковы выгляд новага закона. Дакумент таксама крытыкуе Выбарчая акцыя палякаў Літвы – Саюз хрысціянскіх сем'яў.

«Шкада, што акт з'яўляецца законам без зместу. Новы склад парламента павінен будзе палепшыць і адаптаваць палажэнні, каб яны адпавядалі чаканням нацыянальных меншасцяў», - сказала дэпутат ад польскай партыі Рыта Тамашуне.

На яе думку, акт у цяперашнім выглядзе мае сімвалічнае вымярэнне, бо павінен уключаць канкрэтныя палажэнні, якія тычацца найперш сферы адукацыі і сістэмы аховы мовы. Літоўскія сайты пісалі, што яшчэ перад сённяшняй сустрэчай кіраўнік літоўскай дыпламатыі Габрыэлюс Ландсбэргіс заявіў, што зацягванне прыняцця гэтага дакументу можа нашкодзіць двухбаковым літоўска-польскім дачыненням.

Закон вызначае прыналежнасць да нацыянальных меншасцяў і гарантуе права на свабоднае і неабмежаванае выкарыстанне сваёй мовы ў прыватнай і грамадскай сферах. Ён таксама прадугледжвае права на адукацыю на роднай мове і падкрэслівае права на развіццё сваёй культуры і традыцый. Аднак ён не рэгулюе такія пытанні, як дзвюхмоўныя шыльды ў гарадах, дзе пражываюць меншасці, ці арыгінальнае напісанне прозвішчаў у дзяржаўных дакументах. Новае палажэнне дазволіць стварыць Савет нацыянальных меншасцяў, які будзе выконваць функцыі дарадчага органа. Яе мэта - прадстаўляць інтарэсы меншасці перад дзяржаўнымі ўладамі.

Закон уступіць у сілу ў пачатку наступнага года, але яго яшчэ павінен падпісаць прэзідэнт Літвы.

ав