Беларуская Служба

ААН: Афрыка — сусветны эпіцэнтр тэрарызму

24.01.2025 12:49
У 2024 годзе ў Афрыцы адбылося больш за 3,4 тысячы масавых забойстваў, тэрарыстычных актаў, у якіх загінулі амаль 14 тысяч чалавек. Ні ў якой іншай частцы свету не было столькі нападаў і ахвяраў тэрарыстаў.
Здымак мае ілюстрацыйны характарCreativa Images/Shutterstock.com

Гэтая інфармацыя была прадастаўлена Савету Бяспекі ААН на мінулым тыдні камісарам Афрыканскага саюза па палітычных пытаннях, міру і бяспецы Банколе Адэойе (Bankole Adeoye).

«Афрыка, на жаль, застаецца эпіцэнтрам сусветнага тэрарызму», — пракаментавала Аміна Махамед, намесніца Генеральнага сакратара Савета Бяспекі ААН. Яна сказала, што тэрарызм цяпер з'яўляецца самай вялікай пагрозай для міру, бяспекі і ўстойлівага развіцця ва ўсёй Афрыцы, асабліва ў краінах на поўдзень ад Сахары, на долю якіх прыпадае 59 працэнтаў смерцяў, звязаных з глабальным тэрарызмам.

Колькасць смерцяў, звязаных з тэрарызмам, у  рэгіёне Афрыкі, які цягнецца ўздоўж паўднёвай ускраіны Сахары ад Сенегала на захадзе да Эрытрэі на ўсходзе, перавысіла 6000 чалавек на працягу трох гадоў запар. Гэта больш за палову ўсіх ахвяраў тэрарызму ў свеце. Найгоршая сітуацыя ў Буркіна-Фасо, якая цяпер стала сусветным лідарам па колькасці смерцяў ад тэрарызму.

Распаўсюджванне «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы» з Малі, Нігера і Буркіна-Фасо ў прыбярэжныя краіны Заходняй Афрыкі — Нігерыю, Бенін, Тога, Гану, Кот-д’Івуар — прывяло да 250-працэнтнага павелічэння колькасці гвалтоўных нападаў на працягу двух гадоў.

Побач з Аль-Каідай, Ісламскай дзяржавай і Бока Харам у мінулым годзе ў Афрыцы з'явілася новая групоўка, вядомая як Лакурава. Найбольш балюча яе атакі адчуваюць у Нігерыі, але тэрарысты дзейнічаюць таксама ў Нігеры і Чадзе.

Тэрарыстычная пагроза захоўваецца і ў іншых частках кантынента. Такія групы, як «Аш-Шабаб» у Самалі, Альянс дэмакратычных сіл (ADF) у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і «Аль-Суна ва Джамаа» («Вернікі») у Мазамбіку, працягваюць «развязваць жахлівы гвалт».

Гэтыя групы не толькі тэрарызуюць мясцовыя супольнасці, але і здзяйсняюць сексуальны гвалт, а таксама нападаюць на дзяцей і гвалтоўна вярбуюць іх у свае шэрагі.

«Давайце не будзем памыляцца. Такімі тэмпамі будучыня Заходняй Афрыкі знаходзіцца пад пагрозай. Маргіналізацыя моладзі ў спалучэнні з ростам беспрацоўя зрабіла цэлае пакаленне ўразлівым для экстрэмісцкіх груповак», — адзначыла Аміна Махамед, намесніца Генеральнага сакратара Савета Бяспекі ААН.

PAP/вх