Беларуская Служба

Дырэктар Інстытута амерыканістыкі: Дзеянні Трампа паказваюць, якая яго галоўная мэта. І гэта не справядлівы мір

01.03.2025 17:38
Дональду Трампу і яго адміністрацыі важна вярнуць нармальныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй.
          .
Уладзімір Зяленскі паспешліва з'ехаў з Белага дому пасля канфлікту з Трампам.PAP/EPA/SHAWN THEW

Дырэктар Інстытута амерыканістыкі і польскай дыяспары Ягелонскага ўніверсітэту прафесар Радаслаў Рыбкоўскі мяркуе, што ўчорашняя сварка ў Белым доме яскрава паказала, што адміністрацыя ЗША больш зацікаўленая ў нармалізацыі стасункаў з Расіяй, чым у абароне ваюючай Украіны.

Эксперт таксама ўпэўнены, што той факт, што сутычка прэзідэнта Трампа, віцэ-прэзідэнта Вэнса і прэзідэнта Зяленскага адбылася перад камерамі, на вачах усяго свету, мае каласальнае значэнне.

Прафесар Радаслаў Рыбкоўскі ў інтэрв'ю Польскаму радыё выказаў ацэнку, што дзеянні амерыканскай адміністрацыі і самога прэзідэнта ЗША паказваюць, якая яго галоўная мэта. І гэта не справядлівы мір:

— У падыходзе да справы, да трактавання Украіны вельмі, вельмі заўважны нейкі план на далёкую перспектыву. Няма сумневаў, што Дональду Трампу і яго адміністрацыі важна вярнуць нармальныя адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Падзеі ўчора ў Белым Доме пацвярджаюць, што для Дональда Трампа і яго адміністрацыі больш важная Расійская Федэрацыя, а не Украіна.

Амерыканазнаўца з Ягелонскага ўніверсітэта таксама адзначае, што ўчорашнія падзеі і рэакцыя Зяленскага зразумелыя еўрапейцам:

— Няма сумневаў, што Зяленскі даў вывесці сябе з раўнавагі падчас сустрэчы ў Авальным кабінеце. Мы мяжуем з Украінай і абсалютна разумеем, чаму так эмацыйна ён рэагаваў на той сустрэчы. Гэта не была размова пра канцэсію наконт карысных выкапняў, гэта была размова наконт таго, быць ці не быць незалежнай дзяржаве Украіна.

Прэзідэнты паспрачаліся, калі карэспандэнт Польскага радыё Марэк Валкускі спытаў прэзідэнта Трампа, ці не надта ён цесна супрацоўнічае з прэзідэнтам Пуціным. Затым да дыскусіі далучыўся віцэ-прэзідэнт Дж. Д. Вэнс, сцвярджаючы, што веліч Амерыкі заключаецца не толькі ў яе прыхільнасці каштоўнасцям, але і ў яе гатоўнасці ўдзельнічаць у дыпламатыі. «Што гэта за дыпламатыя, JD?» - рытарычна спытаў Уладзімір Зяленскі, адзначыўшы, што Уладзімір Пуцін з'яўляецца агрэсарам і яго нельга ўзнагароджваць за агрэсію, бо рана ці позна гэта закране ЗША. Затым у дыскусію ўключыўся прэзідэнт Дональд Трамп, які абвінаваціў Уладзіміра Зяленскага ў няўдзячнасці.

Адбылася дзесяціхвілінная спрэчка, пасля якой прэзідэнт Украіны пакінуў Белы дом.

Пасля сустрэчы падтрымку ўкраінскаму прэзідэнту аказалі прадстаўнікі Еўрасаюза і яго дзяржаў.



IAR/вх