Беларуская Служба

Ежа, кішэнны нож і ігральныя карты. Камісар ЕС заклікае назапашваць запасы

27.03.2025 13:00
Еўрапейская камісія заклікала грамадзян ЕС назапашваць запасы ежы, вады і прадметаў першай неабходнасці мінімум на 72 гадзіны.
.
. StockSnap/Pixabay/CC0

У сераду Еўракамісія прадставіла першую стратэгію ў рамках так званага Саюза гатоўнасці. Установа заклікала грамадзян ЕС прыняць «актыўныя меры для падрыхтоўкі да крызісаў, такія як распрацоўка планаў на выпадак надзвычайных сітуацый для хатніх гаспадарак і назапашванне неабходных запасаў». Гэта частка стратэгіі гатоўнасці ЕС да крызісу, прадстаўленай у сераду камісарам Хаджой Лахбіб.

Стратэгія была распрацавана для забеспячэння лепшай каардынацыі ЕС і інфармаванасці грамадскасці ў адказ на шэраг патэнцыйных пагроз, такія як экстрэмальныя з'явы надвор'я, якія пагаршаюцца кліматычным крызісам, пандэміі, кібератакі і ваенныя ўварванні.

«Мы павінны падрыхтавацца да маштабных міжсектаральных інцыдэнтаў і крызісаў, уключаючы магчымасць узброенай агрэсіі, якая закране адну або некалькі дзяржаў-членаў», — падкрэсліваецца ў дакуменце.

«Пагрозы, з якімі сёння сутыкаецца Еўропа, больш складаныя, чым калі-небудзь, і ўсе ўзаемазвязаны», - сказала камісар па пытаннях гатоўнасці і кіравання крызісамі Хаджа Лахбіб, прадстаўляючы новую стратэгію.

Яна падкрэсліла, што важна «пераканацца, што людзі маюць неабходныя запасы мінімум на 72 гадзіны ва ўмовах крызісу». Адказваючы на ​​пытанне аб тым, што трэба назапасіць грамадзянам, яна спаслалася на відэа ў сацсетках, на якім дэманструе ўласны «аварыйны заплечнік». Сярод рэчаў: дакументы ў воданепранікальным чахле, кансервы, вада ў бутэльках, запалкі, нож, наяўныя грошы, ігральныя карты, рацыя, лекі і невялікае радыё.

Акрамя таго, камісар ЕС адзначыла, што краіны ЕС павінны стварыць «стратэгічны рэзерв», які сабраў бы іншыя важныя рэсурсы, такія як медыцынскае, энергетычнае і транспартнае абсталяванне, а таксама спецыяльныя сродкі абароны ад хімічных, біялагічных, радыялагічных і ядзерных пагроз.

Polsat NEWS/ав