Паводле апошніх звестак, колькасць ахвяр абвальвання даху дыскатэкі ў сталіцы Дамініканскай Рэспублікі Санта-Дамінга вырасла да 222 чалавек. 189 чалавек атрымалі раненні.
Катастрофа адбылася ў аўторак раніцай падчас канцэрту ў папулярным клубе Jet Set. Клуб мог змясціць да 1700 чалавек, а на забаве прысутнічалі вядомыя ў дзяржаве людзі. Сярод ахвяр — два бейсбалісты, якія выступалі ў амерыканскай лізе MLB, губернатар дамініканскай правінцыі Монтэ-Крысці, вядомы карыкатурыст, дырэктар цэнтральнага паліцэйскага шпіталя і член праўлення найбуйнейшага прыватнага банку краіны з жонкай, сястрой і шваграм — сынам міністра грамадскіх работ. Спявачка Рубі Перэс, якая выступала ў момант здарэння, таксама загінула.
Ідэнтыфікацыя ўсіх ахвяр працягваецца. Сем'і і блізкія загінулых чакаюць выдачы целаў у муніцыпальным моргу ў Санта-Дамінга.
Клуб Jet Set быў заснаваны ў 1973 годзе і набыў культавы статус у Дамінікане.
IAR/нг