Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Старшыня Еўрапейскай камісіі выступае за забарону дзецям карыстацца сацыяльнымі сеткамі

16.09.2026 16:18
Еўрасаюз хоча пайсці па шляху Аўстраліі, якая ў снежні 2025-га года забараніла дзецям карыстацца сацыяльнымі сеткамі. 
   ,
Урсула фон дэр Ляен, старшыня ЕўракамісііEC - Audiovisual Service

Старшыня Еўрапейскай камісіі хоча забараніць доступ да сацыяльных сетак для дзяцей ва ўзросце да 13 гадоў. Асобы ва ўзросце да 15 гадоў не змогуць мець уласныя профілі на гэтых медыяплатформах, а будуць знаходзіцца пад наглядам бацькоў з абмежаванымі функцыямі.

Урсула фон дэр Ляен абвясціла аб новых правілах падчас свайго выступу на сесіі Еўрапейскага парламенту ў Страсбургу. Яна заявіла, што ўлада буйных тэхналагічных кампаній павінна быць абмежавана.

— Мы не павінны мірыцца з функцыямі, якія выклікаюць залежнасць. Мы не павінны мірыцца з тым, што дзяцей уцягвае ўсё больш экстрэмальны кантэнт. Мы не павінны мірыцца з тым, што фатаграфіі дзяўчынак выкарыстоўваюцца для стварэння сексуальных малюнкаў, створаных штучным інтэлектам. Еўропа мае магчымасць дзейнічаць. Мы ўстанаўліваем свае правілы, а не буйныя тэхналагічныя кампаніі.

Падрабязнасці новай прапановы будуць апублікаваныя 17-га верасня. Еўрапейская камісія знаходзіцца пад ціскам дзяржаў-чальцоў. Некаторыя ўвялі забароны або абмежаванні для абароны псіхічнага здароўя непаўналетніх, а іншыя разглядаюць увядзенне такіх правілаў. Аднак, паміж прэзентацыяй прапанаванай Еўрапейскай камісіяй правілаў і іх прыняццем ў ЕС яшчэ доўгі шлях. Звычайна гэта займае ад дзясятка месяцаў да двух гадоў.

Затое ў Аўстраліі за першыя некалькі месяцаў забароны на выкарыстанне сацыяльных сетак аўстралійскімі дзецьмі колькасць акаўнтаў скарацілася на 20 працэнтаў. Са снежня мінулага года закон у гэтай краіне патрабуе, каб Instagram, Snapchat і YouTube, сярод іншых, забяспечвалі эфектыўную праверку ўзросту. Камісар па электроннай бяспецы Аўстраліі Хайдзі Снэл растлумачыла на канферэнцыі «Бяспечны Інтэрнэт», што невыкананне патрабаванняў цягне за сабой пакаранне.

— Новы закон патрабуе ад платформаў сацыяльных сетак прымаць разумныя меры па ўзроставым абмежаванні, каб перашкодзіць аўстралійцам ва ўзросце да 16 гадоў ствараць або весці акаўнты на сацыяльнай платформе. Важна адзначыць, што гэтае абавязацельства накладае адказнасць на платформы. Ніякіх пакаранняў для дзяцей або іх бацькоў няма. У цяперашні час невыкананне патрабаванняў пастаўшчыкамі платформаў сацыяльных сетак з абмежаваннямі па ўзросце можа прывесці да штрафаў у памеры да 54,6 мільёна аўстралійскіх долараў.

У студзені платформы выдалілі 5 мільёнаў акаўнтаў аўстралійскіх дзяцей, але было створана шмат новых, і праверка ўзросту на многіх платформах аказалася малаэфектыўнай. У сакавіку ведамства Хайдзі Снэл пачало расследаванне ў дачыненні да Facebook, Instagram, Snapchat, TikTok і YouTube. Цяпер чыноўнікі запытваюць дакументы не толькі ў саміх платформаў, але і ў знешніх кампаній, якія прадстаўляюць ім паслугі па праверцы ўзросту.

ПР/юл