Беларуская Служба

У Вільні затрыманы падазраваны па справе аб «бруднай нафце»

19.07.2019 11:55
Па справе аб забруджванні трубаправода «Дружба» праходзяць 13 чалавек, чацвёра з іх узяты пад варту, пяцёра знаходзяцца пад хатнім арыштам, двое – пад падпіскай аб нявыездзе.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneShutterstock.com

Віленскі акружны суд санкцыянаваў затрыманне на тры месяца былога генеральнага дырэктара кампаніі «Самаратранснефть-тэрмінал» Рамана Ружэчкі – фігуранта справы аб забруджванні хлорарганічнымі злучэннямі нафты, якая пастаўляецца па трубаправодзе «Дружба». Пра гэта ў пятніцу, 19 ліпеня, паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка суда.

Паводле гэтых дадзеных, Ружэчка звярнуўся да літоўскіх уладаў з просьбай даць яму палітычны прытулак.

За дзень да гэтага яго затрымалі ў Вільні супрацоўнікі Міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі (Інтэрполу). Расійскі прадпрымальнік знаходзіўся ў міжнародным вышуку.

Па справе аб забруджванні трубаправода «Дружба» праходзяць 13 чалавек, чацвёра з іх узяты пад варту, пяцёра знаходзяцца пад хатнім арыштам, двое – пад падпіскай аб нявыездзе, нагадвае расейскае агенцтва «Інтэрфакс».

Яшчэ двое – Ружэчка і былы бенефіцыяр холдынгу «Петронефть» Раман Труш – былі абвешчаныя ў міжнародны вышук. Суд вынес рашэнне аб іх завочным арышце.

Сёлета, напрыканцы красавіка Расея з-за забруджвання нафты сутыкнулася з перабоямі ў экспарце сыравіны па нафтаправодзе «Дружба», які праходзіць па тэрыторыі васьмі краін Еўрапейскага Звязу і па тэрыторыі Беларусі, ён лічыцца самым доўгім у свеце.

паводле dw.com/эж