Беларуская Служба

«Вагнераўцы» ў Лівіі магчыма застаюцца да сёння

11.08.2021 19:23
Следчая група BBC правяла маштабнае расследаванне па прысутнасці «вагнераўцаў» побач сталіцы Лівіі Трыпалі.
Аўдыё
  • Пра вагнераўцаў у Лівіі даведваемся новых фактаў дзякуючы расследаванню BBC
Найміты з групы "Вагнера"SPUTNIK/EAST NEWS

Лівійскі канфлікт працягваецца ўжо 10 гадоў. Пасля таго, як народ падчас "арабскай вясны" паўстаў супраць дыктатара Муамара Кадафі,  не ўдалося стварыць стабільнай сістэмы кіравання краінай і распачалася грамадзянская вайна. 

Толькі ў кастрычніку 2020 года ўсе ваюючыя бакі канфлікту ў Лівіі дамовіліся аб спыненні агню і арганізацыі новых выбараў. У дамове гаварылася таксама пра вывядзенне замежных наймітаў з тэрыторыі краіны на працягу трох месяцаў, аднак як паказвае апублікаванае 11 жніўня расследаванне BBC, у Лівіі засталіся замежнікі, у тым ліку прадстаўнікі расійскай групы «Вагнера».

Следчая група BBC правяла маштабнае расследаванне па прысутнасці «вагнераўцаў» побач сталіцы Лівіі Трыпалі. Гэта ўдалося дзякуючы таму, што ў адным з будынкаў, дзе знаходзіліся найміты быў знойдзены пакінуты планшэт. Ён быў пакінуты невядомым байцом «Вагнера» пасля таго, як байцы групоўкі адступілі з раёнаў на поўдзень ад Трыпалі вясной 2020 года. У ім мапы лініі фронту на расійскай мове, якія пацвярджаюць значную прысутнасць «Вагнера» і даюць беспрэцэдэнтны доступ да аперацый групы.

Сярод інфармацыі ў планшэце пазначана размеркаванне розных байцоў разам з іх псеўданімамі, а таксама «спіс пакупак» групоўкі. Поўны спіс зброі і ваеннай тэхнікі ўключаны ў 10-старонкавы дакумент з датай 19 студзеня 2020 года быў перададзены BBC лівійскай разведкай і, верагодна, знойдзены ў базе «Вагнера». У дакуменце ўказваецца, хто  фінансуе і падтрымлівае аперацыю. У ім пералічаныя матэрыялы, неабходныя для «выканання ваенных задач». Сярод гэтых матэрыялаў  чатыры танкі, сотні аўтаматаў Калашнікава і сучасная радыёлакацыйная сістэма. Паводле адмыслоўцаў, «заказаныя» тавары даступныя толькі ў расійскай арміі. Расія тымчасам аспрэчвае ўсе дачыненні да «вагнераўцаў» і лічыць такую інфармацыю мэтанакіраванай спробай дыскрэдытацыі Расіі і яе палітыкі адносна Лівіі.

Расследаванне праводзіла двое журналістаў – Ілля Барабанаў у Расіі і Надзір Ібрагім у Лівіі. Менавіта ён атрымаў планшэт з пазначанымі кропкамі, а на аснове таго, што было ў ім, удалося ў Расіі знайсці імёны і прозвішчы тых, хто ваяваў у Трыпалі.

-Мне здаецца, што гэта можа быць сукупнасць цэлаў, якія пазначалі на мапе. Тут напісана: «дзве цеплавыя мэты», «прыход ноччу» можа азначаць, што там прыляцеў нейкі снарад. Тут напісана «Махамед» – гэта хутчэй за ўсё нейкі камандуючы, які з імі супрацоўнічаў, бо ніжэй напісана «садыкі». «Садыкамі» яны называлі мясцовыя войскі ў Сірыі, з якімі супрацоўнічаюць. Гэта былі войскі Асада. У Лівіі гэта напэўна войскі генерала Хафтара. «Селенга Сокал» – гэта хутчэй за ўсё нейкі кантрольны пункт і гэта псеўданімы людзей, якія за яго адказваюць. Чырвоныя кропкі, судзячы па назвах, гэта месца знаходжання саміх наймітаў. З такімі інфармацыямі можна лёгка знайсці імёны тых, хто ваяваў у Лівіі. Ёсць спіскі з іх дадзенымі, так што паводле гэтай мапы можна «капаць», гэта цікава.

З інтэрв'ю з мясцовымі жыхарамі таксама ўдалося даведацца пра дзеянні наймітаў групы «Вагнера». Паводле відавочцаў, яны не выконвалі міжнародных правілаў па адносінах да мясцовых жыхароў і ваеннапалонных. Расійскаму аддзелу ВВС удалося скантактавацца з былымі чальцамі «Вагнера», якія распавялі пра прынцыпы групы ў адносінах да мясцовых:

- Дакладных прынцыпаў няма, іх не існуе. Адносіны агулам не рэгламентуюцца ніякімі дакументамі. Усё залежыць ад умоваў, асабістага разумення ў кожнага: як трэба дзейнічаць у тых ці іншых сітуацыях. Калі гэты ваеннапалонны прадстаўляе нейкую «каштоўнасць», калі ён можа мець нейкія патрэбныя веды то яго перадаюць туды куды трэба, каб узялі ад яго што трэба, і дзе займаюцца ім больш дэтальна. Калі гэта шэры чалавек то адносіны да яго дрэнныя. Калі трэба працоўнай сілы, капаць акопы, выконваць чорную працу то палонны варты столькі колькі звычайны нявольнік. Калі ён не патрэбны то выхад адзін – ніхто не будзе карміць дадатковай галавы.

Такія прызнанні канешне не з’яўляюцца паўнавартаснымі доказамі ў справе. Аднак падобныя дзеянні былі ўжо занатаваныя падчас дзеянняў «вагнераўцаў» у Данбасе і Сірыі. Зараз, нягледзячы на тое, што прысутнасць групы «Вагнера» ў Лівіі была абвергнута не раз, з'явіліся новыя доказы іх фактычнай прысутнасці. Далейшыя працы па раскрытых  дадзеных будуць працягвацца.