Французскі канцэрн Total – адзін з пяці найбуйнейшых нафтавых канцэрнаў свету – дзесяцігоддзямі хаваў інфармацыю пра змены клімату. Гэта вынік даследаванняў французскіх навукоўцаў і журналістаў тэлебачання France 2.
На працягу многіх гадоў Total пераконваў, што яго дзейнасць не наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю і выступаў супраць зялёнай трансфармацыі гаспадаркі.
Тэму працягвае карэспандэнт Стэфан Фольтцэр:
- Французскія даследчыкі апублікавалі артыкул у навуковым часопісе Global Environmental Change. З яго вынікае, што нафтавы канцэрн Total ведаў пра змены клімату, выкліканыя выкарыстаннем выкапнёвага паліва, ужо ў 1971 годзе. Тады кіраўніцтва кампаніі атрымала справаздачы навукоўцаў, у якіх паведамлялася, што павелічэнне выкідаў вуглякіслага газу прывядзе да глабальнага пацяплення, раставання леднікоў і павышэння ўзроўню мора. Нягледзячы на гэта, кіраўніцтва кампаніі адмаўляла існаванне змены клімату да 1990-х гадоў. Кампанія таксама выступала супраць дзеянняў палітыкаў, якія хацелі абмежаваць здабычу выкапнёвых паліваў і скараціць выкіды вуглякіслага газу, паведамляе TV France 2. Аўтары расследавання кажуць, што ўпершыню ўдалося даказаць, што французская нафтавая кампанія ўтойвала інфармацыі аб змене клімату. У 2017 годзе аналагічныя абвінавачванні гучалі ў адрас амерыканскай кампаніі ExxonMobil. Канцэрн Total адхіліў абвінавачванні і запэўніў, што з 2015 года ўдзельнічае ў экалагічнай трансфармацыі.
IAR/аз