Gazeta Wyborcza друкуе рэпартаж з месца, дзе плануецца пабудаваць першую атамную электрастанцыю ў Польшчы. Гэта гміна Хочава (Choczewo) на беразе Балтыйскага мора. «Тут самыя прыгожыя пляжы ў Польшчы», – кажа Веслаў Гэмбка (Wiesław Gębka), стараста Хочава.
Спадарыня Катажына далучылася да грамадзянскай ініцыятывы супраць АЭС. «Я супраць пабудовы атамнай станцыі, у нас і ўвогуле. Трэба пераходзіць на аднаўляльныя крыніцы энергіі. У нас няма вялізнай індустрыі, якую трэба сілкаваць, хай будуюць гэтыя АЭС там, дзе трэба – напрыклад, на рынку ў Кракаве», – адзначае жанчына.
Спадарыня Катажына не верыць, што большасць жыхароў раёна выступае за электрастанцыю, што будзе квітнець «атамны турызм», што мясцовыя жыхары будуць працаваць на будоўлі, а пазней на станцыі і што атамная энергетыка – гэта бяспечнае рашэнне. «Чарнобыль у нас сядзіць. Зусім інакш на гэта змогуць зірнуць нашы ўнукі», – дадае іншая жыхарка гміны Юлія. А вось іх сусед Анджэй кажа, што яго АЭС не хвалюе. Ён працуе ў Францыі, там паўсюль такія станцыі.
Ці можна было б знайсці іншае месца, не будаваць АЭС там, дзе квітнее турызм? Кандыдат навук Марцін Яскульскі (Marcin Jaskólski) з кафедры энергетыкі Гданьскага політэхнічнага ўніверсітэту распавядае, што размяшчэнне на беразе мора мае вялікія перавагі, паколькі неабходна студзіць кандэнсатары, патрэбная велізарная колькасць вады, каб адвесці цяпло і ў той жа час не павышаць тэмпературу вадаёма. Ёсць і пытанне лагістыкі, блізасць да вады аблягчае транспарціроўку буйных элементаў. Ён згаджаецца, што некаторыя краіны Еўропы закрываюць свае АЭС, але гэта звязана перш за ўсё з канцом тэрміну эксплуатацыі станцый. На яго думку, пакуль што немагчыма цалкам перайсці на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі, бо гэта пагражае стабільнасці энергасістэмы.
нг