Амбасадар Украіны ў Польшчы падзякаваў усяму польскаму народу за салідарнасць з Украінай. Украінскі дыпламат прысутнічаў ва ўчарашнім канцэрце «Самае прыгожае – дзецям», які адбыўся ў канцэртнай студыі ў сядзібе Польскага радыё ў Варшаве. Канцэрт быў кульмінацыяй дабрачыннай акцыі Польскага радыё і Фонду сям’і Ульмаў SOAR па зборы сродкаў для Нацыянальнай дзіцячай бальніцы ў Кіеве.
На пачатку канцэрту старшыня праўлення Польскага радыё Агнешка Каміньска перадала амбасадару Украіны чэк з дабрачыннага аўкцыёну Польскага радыё. Андрэй Дэшчыца нагадаў, што падчас вайны больш за ўсё пакутуюць невінаватыя дзеці:
- Я хацеў бы сардэчна падзякаваць за гэтыя сімвалічныя, але важныя сродкі. Гэта сімвал падтрымкі і дапамогі тым, хтo падчас вайны пацярпеў найбольш, то бок дзецям. Гэтую дапамогу ва Украіне заўважаць, а дзеці ніколі пра яе не забудуць.
Акцыя па зборы сродкаў для Нацыянальнай дзіцячай бальніцы ў Кіеве была ініцыяваная падчас канцэрту «Маці для маці – польскія маці для ўкраінскіх маці», у другую нядзелю траўня.
26 траўня эфіры Першай праграмы грамадскага Польскага радыё адбыўся аўкцыён рэчаў, перададзеных, між іншым, першай лэдзі Агатай Карнгаўзер-Дудай, а таксама вядомымі спартоўцамі, мастакамі і духавенствам. Падчас аўкцыёну былі сабраныя больш за 54 тысячы злотых.
IAR/аз