Журналісты Радыё Свабода апублікавалі спадарожнікавыя фотаздымкі, якія даказваюць, што Расія на сістэмнай аснове вывозіць выкрадзенае на акупаваных тэрыторыях Украіны збожжа праз Крым у Турцыю.
Паводле праекту «Схемы» украінскай службы Радыё Свабода, збожжа загружаецца ў парту «Аўліта» у Докавай бухце Севастопаля, а потым вывозіцца і разгружаецца ў Турцыі.
Пры ўваходзе ў крымскі порт балкеры выключаюць радары, таму іх немагчыма адсачыць такімі сістэмамі маніторынгу, як Marine Traffic або Equasis. Аднак яны не могуць схавацца ад спадарожніка, які з космасу фіксуе знаходжанне і пагрузку ў крымскай «Аўліце».
У прыватнасці, расійскі балкер «Михаил Ненашев» зрабіў тры рэйсы з крымскага парта ў Турцыю. Гэта пацвярджаюць і дакументы, якія прадэманстравалі журналісты – «Михаил Ненашев» і сірыйскі карабель Finikia загружаліся збожжам менавіта ў крымскім тэрмінале «Аўліта». У дакументах аб паходжанні збожжа напісана «Крым, Расія».
Кіраўнік МЗС Турцыі Меўлют Чавушаглу 23 чэрвеня заявіў, што яго дзяржава вывучае інфармацыю аб краіне-вытворцы і партах адпраўкі грузаў.
«Мы кожны раз правяраем і пацвярджаем, што прадукцыя зроблена ў Расіі. Турцыя не дапусціць незаконнага гандлю ўкраінскім збожжам ці любой іншай прадукцыяй, з боку любой краіны, у тым ліку і Расіі. Мы таксама і самі не прымем гэтыя тавары. Рашучая пазіцыя Турцыі і яе дзяржаўных структур па гэтым пытанні нязменная», – сказаў Меўлют Чавушаглу.
нг