У Кіеўскай вобласці за год знайшлі 15 масавых пахаванняў ахвяраў расійскай агрэсіі і тры камеры для катаванняў, дзе расійская армія трымала ўкраінцаў, паведаміў у аўторак начальнік паліцыі вобласці Андрэй Нябытаў.
Ён дадаў, што 195 целаў застаюцца неапазнанымі. Нябытаў паведаміў, што тры выяўленыя расійскія камеры катаванняў знаходзяцца ў Бучанскім раёне.
«Людзей звязвалі, душылі буксірнымі тросамі, білі дубінкамі, трымалі ў ямах, а потым расстрэльвалі», – сказаў ён.
Нябытаў паведаміў, што ў Кіеўскай вобласці знойдзеныя целы 1 374 жыхароў, забітых расійскімі акупантамі. Асобы 195 з іх невядомыя, 279 чалавек лічацца прапаўшымі без вестак. Усяго ў вобласці за час баявых дзеянняў і акупацыі загінулі 38 дзяцей, 43 атрымалі раненні.
Расійскія войскі акупавалі Кіеўскую вобласць з сакавіка да пачатку красавіка 2022 года.
PAP / вх