Беларуская Служба

Сустрэча ў Рамштайне: супрацьпаветраная і супрацьракетная абарона ў прыярытэце для Украіны

21.04.2023 17:58
У Польшчы створаць цэнтр абслугоўвання танкаў Leopard 2.
 .
Ілюстрацыйнае фота.PAP/AA/ABACA

Перамовы на базе ў Рамштайне тычыліся ў асноўным абароннага патэнцыялу Украіны, заявіў віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак. Пасля сустрэчы кантактнай групы па абароне Украіны кіраўнік Мінабароны Польшчы падкрэсліў, што Польшча і Славакія таксама перадалі Кіеву самалёты МІГ.

Ён дадаў, што па так званай авіяцыйнай кааліцыі Варшава і Браціслава адкрытыя для супрацоўніцтва, але пакуль прыярытэтам застаецца абарона Украіны: «Быў аналіз наконт таго, як найэфектыўней падтрымліваць Украіну. Сёння мы гаварылі пра супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону, гэта найбольшы выклік цяпер для Украіны. І мы хочам гэта падкрэсліць, што Польшча падтрымлівае ў гэтай сферы Украіну. Гэта было адзначана, як найважнешае ў падтрымкі Украіны».

Таксама падчас сустрэчы ў Рамштайне віцэ-прэмʼер, міністр нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак, міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў і кіраўнік Мінабароны Германіі Борыс Пісторыус падпісалі ліст аб намерах стварыць у Польшчы цэнтр абслугоўвання танкаў Leopard 2. Бакі дамовіліся аб фінансаванні такога праекта, кошт якога складае каля €150-200 млн у год. Цэнтр можа запрацаваць у канцы мая.

Адказваючы на ​​пытанне аб перспектывах уступлення Украіны ў альянс NATO, Барыс Пісторыус адказаў, што ўсе ўдзельнікі Пакту бачаць у Кіеве будучага члена, але заявіў, што цяпер галоўнае – падтрымаць Украіну на полі бою.

Кантактная група па абароне Украіны – гэта нефармальнае абʼяднанне краін NATO і іншых саюзнікаў, якія дапамагаюць украінскім вайскоўцам з пачатку расійскага ўварвання.

IAR / вх