Беларуская Служба

Віцэ-прэм’ер П.Гліньскі ў Бруселі: Рэжым Лукашэнкі знішчае беларускую мову і беларускую культуру

16.05.2023 16:19
Польшча лічыць неабходным распрацаваць супольны еўрапейскі план для абароны беларускай культуры.
Міністр Пётр Гліньскіфота: Twitter/@kultura_gov_pl

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі знішчае беларускую мову і культуру, падкрэсліў у Бруселі віцэ-прэм’ер Польшчы Пётр Гліньскі і заклікаў да падтрымкі ЕС.

Міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы спаслаўся на паведамленні дзеючых у Польшчы беларускіх арганізацыяў, якія прасілі ўлады ў Варшаве прыцягнуць увагу да гэтай праблемы на форуме ЕС.

Віцэ-прэм’ер заявіў, што беларуская мова выцясняецца з грамадскай прасторы, з навучальных установаў, забараняюцца няўрадавыя арганізацыі, якія прапагандуюць мову і культуру:

- Лукашэнкаўскі рэжым імкнецца замяніць беларускую мову і беларускую культуру – расійскай культурай. Таму абмяжоўваецца навучанне беларускай мове, выдаванне беларускіх кніжак, беларускія медыя. Адзіным беларускім тэлебачаннем з'яўляецца Белсат. Усё гэта вельмі ўстрывожвае.

Польшча лічыць неабходным распрацаваць супольны еўрапейскі план дзеянняў для падтрымкі намаганняў па абароне беларускай мовы і культуры.

IAR/яс