Беларуская Служба

ISW: Ракеты ATACMS ускладняць сітуацыю Расіі на фронце

18.10.2023 17:01
Паводле аналітыкаў, яны зменшаць падтрымку расійскай авіяцыі для лакальных абарончых і наступальных дзеянняў арміі.
  ATACMS
Запуск ракеты ATACMS By Unknown author. - https://sill-www.army.mil, Public Domain, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=77774980

Удары амерыканскімі ракетамі ATACMS, нанесеныя ўкраінскімі сіламі, прымусяць расійскае камандаванне перакінуць частку самалётаў на аэрадромы, размешчаныя далей ад лініі фронту. Гэта, у сваю чаргу, зменшыць падтрымку расійскай авіяцыяй для лакальных абарончых і наступальных дзеянняў арміі, лічаць аналітыкі Інстытута даследаванняў вайны (ISW).

Паводле экспертаў, гэта асабліва тычыцца расійскіх верталётаў, якія дагэтуль працяглы час дзейнічалі на невялікіх участках фронту, спрабуючы знішчыць украінскія мэханізаваныя войскі.
«Размяшчэнне авіяцыйных рэсурсаў на большай колькасці аэрадромаў таксама паставіць перад расійскімі ВПС вялікія праблемы з пункту гледжання бесперапыннасці і каардынацыі», – дадае інстытут.

Ракеты ATACMS таксама ўяўляюць сабой «істотную пагрозу для расійскіх складоў боепрыпасаў. Аналітыкі нагадваюць, што пасля атрымання ракетных сістэмаў HIMARS ад ЗША летам 2022 года ўкраінскія сілы нанеслі ўдары па сканцэнтраваных на той момант расійскіх складах зброі.
Затым ворагу прыйшлося пашыраць матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ўздоўж сухапутных шляхоў паставак, што ў пэўнай ступені ўскладніла іх дастаўку на фронт.

У аўторак Украіна выпусціла першыя, пастаўленыя ёй ЗША, балістычныя ракеты ATACMS з далёкасцю дзеяння да 160 км. Гэтымі ракетамі ўкраінскія вайскоўцы нанеслі ўдары па расійскіх авіябазах каля акупаваных гарадоў Бярдзянск і Луганск, знішчыўшы дзевяць варожых верталётаў.

PAP/аз

Украіна выкарыстоўвае амерыканскія ракеты ATACMS

18.10.2023 07:30
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ATACMS, якія атрымала Украіна, здольная паражаць мэты на адлегласці да 160 км.