«Міністр энергетыкі Украіны Герман Галушчанка таксама быў з намі (на пасяджэнні Савета міністраў энергетыкі ЕС – рэд.), і я выказала непахісную падтрымку ЕК Украіне напярэдадні яшчэ адной складанай зімы», – адзначыла еўракамісар Кадры Сімсан, словы якой прыведзены ў рэлізе Мінэнерга Украіны.
Яна падкрэсліла, што еўрапейская супольнасць павінна быць гатова да прадаўжэння расійскіх атак на ўкраінскую энергетычную інфраструктуру будучай зімой і прыкласці намаганні для іх мінімізацыі.
Сімсан таксама заклікала еўрапейскія дзяржавы працягваць унёскі ў Фонд падтрымкі энергетыкі Украіны, якія дазволяць закупляць абсталяванне, неабходнае для аднаўлення пашкоджаных энергааб'ектаў.
«Я вельмі ўдзячны Кадры Сімсан і ўсім краінам, якія сталі донарамі фонду. Дзякуючы гэтай дапамозе, а таксама намаганням нашых ваенных і энергетыкаў мы абавязкова выдужаем і ўтрымаем нашу энергасістэму», – адзначыў Галушчанка.
Фонд падтрымкі энергетыкі Украіны быў створаны вясной 2022 года па сумеснай ініцыятыве кіраўніка Мінэнерга Украіны і еўракамісара па пытаннях энергетыкі для акумулявання ўнёскаў урадаў, міжнародных фінансавых арганізацый, а таксама прыватных донараў у падтрымку ўкраінскага энергасектара. Па стане на сярэдзіну ліпеня бягучага года абʼём фонду складаў каля 220 млн долараў.
epravda.com.ua / вх