Беларуская Служба

Расія спрабуе паўплываць на заходнія СМІ, каб аслабіць падтрымку Украіны

31.12.2023 16:30
«Расія выкарыстоўвае тактыку дэзынфармацыі ва Украіне, у заходніх краінах і ва ўсім свеце», – пішуць аналітыкі Інстытута даследаванняў вайны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:pixelcreatures/pixabay.com/CC0 Public Domain

Расія спрабуе паўплываць на замежныя СМІ, каб аслабіць падтрымку Украіны краінамі Захаду. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе аналітыкаў амерыканскага Інстытута даследаванняў вайны (ISW). Аўтары дакладу спасылаюцца на дакументы Крамля, якія сведчаць пра дзейнасць Расіі, накіраваную на падрыў падтрымкі Украіны і НАТА ў інфармацыйнай прасторы Францыі, а таксама сярод французскіх палітыкаў і няўрадавых актывістаў.

У крамлёўскіх дакументах называюцца канкрэтныя тэмы і «аргументы», прасоўванне якіх павінна аслабіць падтрымку Украіны.

Амерыканскія аналітыкі таксама спасылаюцца на расследаванне, якое вядуць французскія ўлады. З яго вынікае, што «Расія праводзіць доўгатэрміновую кампанію па дэзынфармацыі з мэтай абароны і прасоўвання сваіх інтарэсаў, а таксама расколу дэмакратычнага (французскага) грамадства».
«Расія выкарыстоўвае падобную тактыку дэзынфармацыі ва Украіне, у заходніх краінах і ва ўсім свеце», – пішуць аналітыкі Інстытута даследаванняў вайны.

Нагадваем, арганізацыя, якая вывучае прыклады дэзынфармацыі ў інтэрнэце, Digital Forensic Research Lab, у супрацоўніцтве з BBC, выявіла, у тым ліку, тысячы фальшывых акаўнтаў, накіраваных на дыскрэдытацыю былога міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава і камандуючага ўкраінскімі войскамі Валера Залужнага.

Таксама быў выяўлены інтэрнэт-кантэнт з мэтай аслабіць падтрымку НАТА на Захадзе перад самітам альянсу ў ліпені 2022 года.

IAR/ www.understandingwar.org/ аз