Беларуская Служба

У Літве баяцца з'яўлення пятай калоны з беларускіх мігрантаў

03.01.2024 08:25
Па словах дарадцы літоўскага прэзідэнта, у Літву штогод прыбываюць 17-20 тысяч беларусаў.
Wilno
WilnoPAP/J. Undro

У Літве лічаць, што масавая міграцыя беларусаў у гэтую краіну можа прывесці да фармавання пятай калоны. Пра гэта ў інтэрвʼю радыёстанцыі «Žinių radijas» заявіў дарадца прэзідэнта Літвы Фрэдэрыкас Янсанас.

«З месяца ў месяц у Літву з Беларусі прыбываюць тысячы новых жыхароў. Патэнцыйна мы ствараем для сябе сурʼёзную праблему, фармуецца патэнцыйная пятая калона», – заявіў Янсанас (пераклад ТАСС).

Па словах дарадцы літоўскага прэзідэнта, у Літву штогод прыбываюць 17-20 тысяч беларусаў, «пераканання якіх мы проста не ведаем». У сувязі з гэтым Дэпартамент дзяржбяспекі Літвы баіцца, што беларусы сфарміруюць буйную дыяспару, якая будзе жыць адносна закрыта і будзе цяжка кантралюемай.

Нагадаем, летась Сойм Літвы прыняў законапраект аб абмежаваннях для беларусаў і расіян, які прадугледжваў больш мяккія абмежаванні для грамадзян Беларусі. Зараз у Літве абмяркоўваюць, ці трэба ўзмацняць іх жорсткасць.

Таксама за мінулы год літоўскія ўлады адмовіліся выдаць ці падоўжыць ВНЖ больш за 1000 беларусам. Гэта тлумачылася ўзмоцненай праверкай з-за вайны і пагрозай нацбяспекі. Разам з тым Сойм ухваліў папраўкі, якія дазваляюць выдаваць беларусам ВНЖ на тры гады замест аднаго. Такая мера распаўсюдзіцца на тых, хто збег у Літву ад рэпрэсіяў.

яс/reform.by