На ўкраінскім фронце працягваюцца пазіцыйныя баі. Атакуюць у асноўным расійскія войскі. На некаторых участках фронту яны дасягаюць невялікіх поспехаў.
«Расіяне актывізавалі дзеянні ў раёне Бахмуту», – падкрэсліў у эфіры тэлеканалу «1+1» маёр Дзяніс Нагорны з 4-й брыгады «Рубеж», якая ваюе на Данбасе.
Ён дадаў, што нападаў становіцца ўсё больш, праціўнік выкарыстоўвае сваю перавагу ў людзях і вядзе ў бой, у тым ліку, палонных, але ніхто не дасягае аператыўнай перавагі, а баі пазіцыйныя – сярэдняй і высокай інтэнсіўнасці.
Расіяне таксама наступаюць у бок Аўдзееўкі. Яны ўжо шмат тыдняў спрабуюць акружыць яе з поўначы і поўдня. На шляху акружэння горада стаяць коксахімічныя заводы, якія абараняюць украінцы.
Апошнімі днямі расіяне крыху пасунуліся на поўдзень – у Запарожскую вобласць, на той участак, дзе летам і восенню вялі наступ украінцы. Іншы ўчастак напружаных баёў – Херсонская вобласць. Там у раёне горада Херсон украінскае войска ўтрымлівае занятыя пазіцыі на левым беразе Дняпра.
яс/Павел Бушко