«(...) Сёння расіяне нас абстрэльваюць у асноўным з фугасных і кіраваных авіябомбаў і з гэтым трэба нешта рабіць. Нам патрэбныя самыя сучасныя сістэмы супрацьпаветранай абароны, таму што адзін-два Patriot не вырашаць усіх нашых праблем», – заявіў мэр Харкава Ігар Церахаў у інтэрвʼю сайту РБК-Украіна.
Церахаў патлумачыў, што праз расійскія атакі пашкоджаныя многія энергетычныя аб’екты, у тым ліку разбураныя ўсе гарадскія цеплацэнтралі. Таму ўлады працуюць над дэцэнтралізацыяй электразабеспячэння, вады і цяпла, запэўніў ён.
«Правядзем дэцэнтралізацыю сістэм энерга-, вода- і цеплазабеспячэння. Працуем па ўстаноўцы маламагутных кагенерацыйных установак і газагенератараў, каб у першую чаргу забяспечыць водазабеспячэнне. У нас у Харкаве вельмі вялікая нагрузка на водазабеспячэнне. Частку абсталявання мы ўжо атрымалі», – сказаў ён.
Улады таксама маюць намер усталяваць модульныя кацельні па ўсім горадзе, каб зімой жыхары мелі цяпло ў дамах.
На пытанне, чаму расіяне пастаянна абстрэльваюць Харкаў, мэр заявіў, што гэта тэрор і генацыд.
«Я лічу, што гэта сапраўдны тэрор і генацыд. Калі яны бʼюць па жылых дамах, калі яны разбураюць ланцужкі паставак і важную гарадскую інфраструктуру, гэта генацыд. Што яны хочуць? Людзей хочуць запалохаць, каб яны зʼехалі з горада», – падкрэсліў Ігар Церахаў.
Нягледзячы на расійскія атакі, улады не паведамляюць пра масавыя ўцёкі жыхароў горада, як гэта было на пачатку ўварвання ў 2022 годзе. «Ёсць людзі, якія зʼехалі і ўжо вярнуліся, але насамрэч у Харкаў вяртаецца ўсё больш людзей. (…) Калі вы захочаце купіць білет на цягнік у (наш) горад, то гэта будзе сапраўды складана», – сказаў Церахаў.
PAP/вх