Беларуская Служба

Расіяне паспяхова прасоўваюцца на пакроўскім напрамку ва Украіне

28.08.2024 15:03
Расіяне таксама інтэнсіўна атакуюць у некалькіх іншых раёнах Данбаса — у тым ліку ў прыгарадзе Тарэцка, а таксама каля Вугледара.
Ілюстрацыйны здымакEPA/IGOR TKACHENKO Dostawca: PAP/EPA.

Расіяне маюць тактычныя поспехі пад Пакроўскам у Данецкай вобласці. Так ацэньваюць сітуацыю на фронце ваенныя аналітыкі. Наступ расіян на пакроўскім напрамку не запавольваецца. Крэмль лічыць захоп горада прыярытэтам.

Як мы чытаем у апошняй справаздачы Інстытута ваенных даследаванняў, дадзеныя геалакацыі паказваюць, што расіяне прасунуліся больш чым на два кіламетры на паўднёвы ўсход ад Пакроўска да мястэчка Наваградаўка і на некалькіх іншых участках. Як напісана - гэта значныя тактычныя поспехі.

Прэзідэнт Зяленскі таксама абвясціў учора, што расіяне поўныя рашучасці захапіць горад. Паводле яго слоў, расійскія салдаты пад Пакроўскам не могуць адступіць. Тых, хто адступае, расстрэльваюць. Ён дадаў, што, як і ў Бахмуце, расіяне могуць страціць там 50-60 тысяч чалавек. У той жа час, як ён адзначыў, Украіна не можа накіраваць туды столькі войск, колькі Расія.

Расіяне таксама інтэнсіўна атакуюць у некалькіх іншых раёнах Данбаса — у тым ліку ў прыгарадзе Тарэцка, а таксама каля Вугледара.

ПР/юл