Беларуская Служба

Нягледзячы на ​​занепакоенасць ЕС Венгрыя адстойвае праграму, якая змякчае абмежаванні на ўезд для расіян і беларусаў

04.09.2024 15:01
Венгерскі міністр па еўрапейскіх справах Янаш Бока назваў крытыку праграмы «чыстай палітычнай істэрыяй».
Венгерскі міністр па еўрапейскіх справах Янаш Бока PAP/EPA/Zoltan Mathe

Венгрыя ў сераду абараняла сваю праграму, якая змякчае абмежаванні на ўезд у гэтую краіну для расіян і беларусаў. Венгерскі міністр па еўрапейскіх справах Янаш Бока назваў крытыку праграмы «чыстай палітычнай істэрыяй». Еўракамісія папрасіла тлумачэнняў у Будапешце і дагэтуль іх чакае.

У пачатку ліпеня ўрад у Будапешце пашырыў спіс краін, якія не ўваходзяць у ЕС, грамадзяне якіх могуць прыязджаць у Венгрыю сем'ямі ў якасці рабочых без праходжання праверкі бяспекі. Новыя правілы, якія ўводзяць т.зв. нацыянальную карту для часовых работнікаў, дзейнічаюць з пачатку года, але пакуль яны тычыліся ў асноўным краін Лацінскай Амерыкі і Азіі.

У ліпені да гэтага спісу далучыліся Расія і Беларусь. Урад у Будапешце матываваў гэта неабходнасцю працоўных рук для будаўніцтва новых блокаў атамнай электрастанцыі «Пакш», якую будуе расійская кампанія «Расатам».

Рашэнне дазваляе расіянам і беларусам свабодна перамяшчацца па Шэнгенскай зоне. Некаторыя краіны Еўрасаюзу лічаць, што гэта можа палегчыць Расіі шпіёнскую дзейнасць у Супольнасці.

Бока абараняў праграму ў сераду ў Еўрапарламенце. Як ён даводзіў, т.зв. Нацыянальная карта з'яўляецца адказам на патрэбнасць Венгрыі ў замежнай рабочай сіле і не прадугледжвае паслаблення правіл выдачы віз замежнікам. Ён падкрэсліў, што ўсе замежныя працаўнікі, якія прыязджаюць у Венгрыю, правяраюцца адпаведнымі службамі на прадмет пагрозы нацыянальнай бяспецы.

"За апошнія два месяцы мы выдалі 10 дазволаў для расіян і 4 для беларусаў. Гэта нельга назваць тэндэнцыяй росту", - сказаў ён. Ён адзначыў, што гэтыя лічбы невялікія, калі ўлічыць, што, паводле звестак Еўрастата, у 2023 годзе ў Еўрасаюзе пражывала больш за 700 тысяч расіян і каля 85 тысяч беларусаў. Ён дадаў, што Венгрыя не ўваходзіць нават у першую дзясятку краін-членаў па колькасці выдадзеных расіянам і беларусам відаў на жыхарства ў 2023 годзе.

«На мой погляд, гэта чыстая палітычная істэрыя, створаная большасцю ў Еўрапарламенце і некаторымі краінамі-сябрамі. (...) Еўракамісія павінна быць дастаткова моцнай, каб супрацьстаяць палітычнаму ціску», — сказаў Бока. Ён нагадаў, што ў адпаведнасці з дагаворамі ЕС нацыянальная бяспека з'яўляецца адной са сфер нацыянальнай кампетэнцыі дзяржаў-членаў. «Калі нехта лічыць, што гэта пытанне нацыянальнай бяспекі, то дыскусія павінна датычыцца не Венгрыі, а іншых дзяржаў-членаў ЕС. Аднак такой дыскусіі няма», — сказаў венгерскі міністр.

ЕК звярнулася па тлумачэнні да Будапешта. 1 жніўня камісар унутраных спраў Ілва Ёхансан накіравала ліст, у якім задала ўраду Венгрыі 13 пытанняў аб выдачы нацыянальнай карты грамадзянам Расіі і Беларусі. Яна таксама паставіла тэрмін для адказу - Венгрыя павінна была адказаць да панядзелка, але не зрабіла гэтага. Камісія не зрабіла далейшых крокаў супраць Венгрыі і ўсё яшчэ чакае адказу.

Кіраўнік Еўрапейскай народнай партыі (ЕНП) Манфрэд Вэбер раней напісаў з гэтай нагоды прэзідэнту Еўрапейскай рады Шарлю Мішэлю. На думку кіраўніка найбуйнейшай групы ў Еўрапарламенце, рашэнне Будапешта стварае сур'ёзную рызыку «адкрыцця дзвярэй» расійскім шпіёнам у ЕС. Вэбер заклікаў Супольнасць заняцца гэтай праблемай на кастрычніцкім саміце.

Прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана крытыкуюць заходнія хаўруснікі за яго падыход да расійскага ўварвання ва Украіну і цеснае супрацоўніцтва з Расіяй. Венгрыя ў значнай ступені залежыць ад імпарту расійскіх энергарэсурсаў, і Орбан быў атакаваны за яго візіт у Маскву ў пачатку ліпеня, які не быў узгоднены з Брусэлем, адразу пасля таго, як Венгрыя пераняла старшынства ў Радзе ЕС.

ав