Беларуская Служба

НАТА рыхтуе планы на выпадак трэцяй сусветнай вайны

26.09.2024 16:17
З-за шырокіх магчымасцей расійскіх ВКС паветраная эвакуацыя параненых можа быць занадта небяспечнай, таму лепш выкарыстоўваць санітарныя цягнікі.
Ілюстрацыя Фота: Alexandros Michailidis/Shutterstock

У НАТА распрацоўваюць планы на выпадак трэцяй сусветнай вайны. У ліку іншага рыхтуецца план маштабнай эвакуацыі параненых з лініі фронту на выпадак магчымай вайны з Расіяй, – паведаміў кіраўнік камандавання па лагістыцы Паўночнаатлантычнага альянсу генерал-лейтэнант Бундэсверу Аляксандр Зольфранк у інтэрв'ю брытанскаму выданню Daily Mail, надрукаваным у  сераду, 25 верасня.

Паводле Зольфранка, такая вайна, хутчэй за ўсё, разгорнецца на «шырокім полі бою» і прывядзе да сур'ёзных страт для НАТА. Генерал адзначыў, што з-за шырокіх магчымасцей расійскіх ВКС паветраная эвакуацыя параненых можа быць занадта небяспечнай, таму лепш выкарыстоўваць санітарныя цягнікі. «Задачай стане забеспячэнне аператыўнай і якаснай дапамогі вялікай колькасці пацярпелых у найгоршым выпадку», – дадаў ён.

Генерал-лейтэнант Зольфранк таксама звярнуў увагу на важнасць уніфікацыі медыцынскіх пратаколаў у розных краінах НАТА. Адным з рашэнняў можа стаць стварэнне «ваенна-медыцынскага Шэнгена», які забяспечыць свабоднае перамяшчэнне моцнадзейных прэпаратаў, уключаючы абязбольвальныя, неабходныя пры цяжкіх раненнях, – патлумачыў натаўскі вайсковы.

Падрыхтоўка плана эвакуацыі параненых з'яўляецца часткай больш шырокай дзейнасці НАТА, накіраванай на мадэрнізацыю і павышэнне здольнасці стрымліваць і абараняцца ад магчымага расійскага нападу. Намаганні альянсу звязаныя з уварваннем Расіі ва Украіну, якое працягваецца з 2022 года.

pap/эж