Бурныя дэбаты прайшлі ў Еўрапарламенце ў Страсбургу. Прэм'ер-міністр Віктар Орбан выклікаў вялікія эмоцыі. Дыскусія была прысвечаная старшынства Венгрыі ў ЕС у гэтым паўгоддзі, але ў ёй дамінавала крытыка дзеянняў венгерскага ўрада з боку прадстаўнікоў праеўрапейскіх груповак.
Старшыня Еўракамісіі выступіла з вострай крытыкай. Урсула фон дэр Ляен закранула блізкія адносіны Орбана з Расіяй і Пуціным і згадала вайну ва Украіне. «Яшчэ ёсць тыя, хто вінаваціць у гэтай вайне не прагу Пуціна захаваць уладу, а імкненне Украіны да свабоды. Таму я хацела б спытаць: ці вінавацілі венграў у савецкім уварванні ў 1956 годзе? Або чэхаў ці славакаў за савецкія рэпрэсіі ў 1968 годзе? Мы, еўрапейцы, можам мець розныя гісторыі і розныя мовы, але няма такой еўрапейскай мовы, у якой мір быў бы сінонімам падпарадкавання, а суверэнітэт — сінонімам акупацыі», — сказала кіраўнік Еўракамісіі.
Венгерскі прэм'ер-міністр выступаў тройчы. Яго ўступная прамова была стрыманай. Ён засяродзіўся на прыярытэтах старшынства, не нападаў ні на ЕС, ні на брусельскія эліты, пакінуў гэта на потым. «Еўрапейскае адзінства не азначае, што ўсе, хто не згодны з большасцю або Еўракамісіяй, павінны заткнуцца і маўчаць», — сказаў Віктар Орбан, адказваючы на крытыку дэпутатаў, што Венгрыя ставіць пад сумнеў многія рашэнні ЕС. Ён пацвердзіў, што не бачыць нічога дрэннага ў блізкіх адносінах з Расіяй. І нават раскрытыкаваў ЕС за тое, што той адмовіўся ад расійскіх энергарэсурсаў, таму што, дадаў Орбан, гэта павысіла цэны на энерганосьбіты ва ўсім ЕС і ўдарыла па кішэні еўрапейцаў.
Віктар Орбан назваў крытыку ў свой адрас абсурднай, таннай прапагандай, левай прапагандай. Падчас дэбатаў яго абаранялі еўрадэпутаты ад крайніх еўраскептыкаў і прарасійскіх правых. Некаторыя рашэнні ўладаў у Будапешце падтрымалі і еўрапейскія кансерватары. Аднак большасць дэпутатаў не стрымаліся, называючы Орбана дыктатарам і самым карумпаваным палітыкам у ЕС.
Польскія еўрадэпутаты падзяліліся ў меркаваннях. Дзеянні прэм'ер-міністра Орбана негатыўна ацаніў дэпутат Анджэй Галіцкі з Грамадзянскай платформы. У сваім выступе ён звязаў мінулае з будучыняй і адзначыў, што ведае Віктара Орбана з канца 1980-х.
«Я памятаю Віктара Орбана як сапраўднага змагара за свабоду і дэмакратыю. Ён разумеў, што такое дэмакратыя і плюралізм. Ён ведаў, што расійскія салдаты нясуць смерць і акупацыю і пагражаюць свабодзе, а не наадварот. Я лічу, што Віктар Орбан з майго юнацтва быў сапраўдным. Сёння Віктар Орбан зусім іншы, таму што ён знішчае свабоду, плюралізм, свабоду СМІ. Дарагія венгры, у нас быў лідар, які хацеў стварыць Будапешт у Польшчы, але прыйдзе дзень, пакажыце сваю сілу, Варшава будзе ў Будапешце», — сказаў дэпутат.
У сваю чаргу еўрадэпутатка ад «Права і справядлівасць» Бэата Шыдла раскрытыкавала тых, хто крытыкаваў Віктара Орбана. Яна нагадала, што дэбаты павінны былі быць прысвечаны старшынству Венгрыі і выклікам, якія стаяць перад ЕС.
«Тым часам гэтая дыскусія ператварылася ў прысуд Венгрыі, венгерскаму ўраду, дэмакратычна абранаму суверэнным венгерскім народам. Спадарыня фон дэр Ляен выступіла са скандальнай прамовай. Ёй ніхто не даваў паўнамоцтваў пераглядаць незалежныя ўрады суверэнных дзяржаў. І я хачу нагадаць ёй, што Еўрасаюз складаецца з незалежных дзяржаў, і спадарыня фон дэр Ляен не з'яўляецца каралевай Еўропы», — сказала былая прэм’ер-міністр Польшчы Бэата Шыдла.
IAR/нг