Беларуская Служба

Тысячы людзей апынуліся ў пастцы ў лагеры палестынскіх уцекачоў у Джабаліі

12.10.2024 11:13
«Многія адмаўляюцца ад эвакуацыі, таму што добра ведаюць, што ў сектары Газа больш няма бяспечнага месца».
.         -     .
Ілюстрацыя. Палестынскія бежанцы ў разбуранай школе Руфаіда ў Дэйр аль-Балах у цэнтральнай частцы сектара Газа.Фота: EPA/MOHAMMED SABER

У выніку ізраільскіх атак на лагер палестынскіх уцекачоў у Джабаліі на поўначы сектара Газа за 12 гадзін загінулі прынамсі 22 чалавекі. Ізраіль загадаў эвакуіраваць мірных жыхароў з гэтай часткі палестынскага анклаву, але гуманітарныя арганізацыі кажуць, што мірным жыхарам няма куды бегчы.

Учора ўвечары арганізацыя «Лекары без межаў» папярэдзіла, што тысячы людзей апынуліся ў пастцы ў лагеры палестынскіх уцекачоў у Джабаліі, які быў абстраляны ізраільскай арміяй. Па словах прадстаўнікоў арганізацыі, ніхто не можа ні ўвайсці, ні выйсці з лагера, па ўсіх, хто спрабуе вырвацца, страляюць. Сярод зняволеных апынуліся пяць супрацоўнікаў «Лекараў без межаў». Чырвоны Крыж заявіў, што атрымлівае вялікую колькасць званкоў аб дапамозе пасля загадаў Ізраіля аб эвакуацыі з поўначы Газы. Прадстаўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа падкрэсліваюць, што не ў стане дапамагчы ўсім, хто звяртаецца па дапамогу з раёнаў, ахопленых вайной.

Тры дні таму кіраўнік Агенцтва дапамогі палестынскім бежанцам і арганізацыі ААН на Блізкім Усходзе (БАПОР) Філіп Лазарыні заявіў, што, нягледзячы на раней выдадзены ізраільскімі ўладамі загад аб эвакуацыі, большасць жыхароў паўночнай часткі сектара Газа не выконваюць загадаў арміі. «Многія адмаўляюцца ад эвакуацыі, таму што добра ведаюць, што ў сектары Газа больш няма бяспечнага месца», — напісаў Філіп Лазарыні на платформе X.
Ізраіль узмацніў свой наступ на поўначы Газы тыдзень таму, заявіўшы, што ён накіраваны супраць членаў ХАМАС. Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Палестыны, больш за 42 тысячы палестынцаў, большасць з якіх - мірныя жыхары, былі забітыя ў выніку ізраільскіх нападаў з кастрычніка мінулага года, і больш за 97 тыс былі параненыя.

IAR/нг