Сёння латышы святкуюць 106-ю гадавіну абвяшчэння незалежнасці. Старшыня латвійскага ўраду Эвіка Сіліна (Evika Siliņa) у звароце да суайчыннікаў падкрэсліла, што гэты дзень — нагода адзначыць стойкасць народа. «Таму што дзякуючы стойкасці мы перамаглі са шматлікімі праціўнікамі. Мы пастаянна працуем над тым, каб зрабіць Латвію бяспечнай і квітнеючай», — сказала Сіліна.
Пасля абвяшчэння незалежнасці Латвіі, на яе напалі войскі бальшавіцкай Расіі. На дапамогу латышам прыбылі каля 12 тысяч польскіх жаўнераў пад камандаваннем генерала Эдварда Рыдза-Сьміглага. Войскі саюзнікаў узялі пад кантроль усю Латгалію ў пачатку 1920 года, выйграўшы бітву пад Даўгаўпілсам ва ўсходняй Латвіі і прымусіўшы Расію аб'явіць перамір'е.
Зараз польскія войскі знаходзяцца ў Латвіі ў складзе батальённай баявой групы пад камандаваннем канадцаў. Пятнаццатая змена польскага вайсковага кантынгенту ў Латвіі налічвае амаль 200 жаўнераў, у асноўным з 34-й бранетанкавай брыгады з Жагані. Разам з прадстаўнікамі ўзброеных сіл іншых краін-саюзнікаў яны традыцыйна прымуць удзел ва ўрачыстым ваенным парадзе, які пройдзе па набярэжнай Даўгавы ў Рызе. Падчас параду будзе прадстаўлена ваенная тэхніка Узброеных сіл Латвіі і бранятанкавых падраздзяленняў, якія належаць войскам НАТА. Над горадам таксама павінны праляцець знішчальнікі Eurofighter, якія зараз удзельнічаюць у місіі Baltic Air Policing па патруляванні паветранай прасторы краін Балтыі.
IAR/нг