Пагадненне павінна грунтавацца на ранейшай рэзалюцыі ААН, якая прадугледжвае вывад сіл «Хізбалы» з паўднёвага Лівана.
Алі Хасан Халіл, дарадца спікера ліванскага парламента Набіха Бэры, паведаміў агенцтву Reuters, што Ліван перадаў амбасадару ЗША ў Бейруце Лізе Джонсан пісьмовы адказ на прапанову аб спыненні агню на мінулым тыдні.
Гэта самы сур'ёзны крок да спынення баявых дзеянняў, сказаў Халіл. Бэры лічыцца саюзнікам «Хізбалы» і пасярэднікам у кантактах з гэтай арганізацыяй.
Амбасада ЗША і ўрад Ізраіля пакуль не каментавалі гэтыя паведамленні.
Халіл падкрэсліў, што адказ Лівана «пацвярджае строгае выкананне рэзалюцыі Савета бяспекі 1701 ва ўсіх яе палажэннях».
Дакумент быў прыняты ў 2006 годзе пасля папярэдняй вайны Ізраіля з «Хізбалой». Ён прадугледжваў, між іншым: вывад шыіцкай групоўкі з паўднёвага Лівана і пераход тэрыторыі пад кантроль урада ў Бейруце. Рэзалюцыя так і не была выканана цалкам. «Хізбала» засталася на поўдні Лівана і пашырала там сваю вайсковую інфраструктуру.
Цяперашняя амерыканская прапанова павінна ўключаць, сярод іншага: раззбраенне «Хізбалы» на поўдні Лівана, выхад іх сіл з гэтага раёна і перадачу кантролю над ім ліванскай арміі. Увесь працэс будзе адбывацца пад міжнародным кантролем, а Ізраілю будзе гарантаванае права рэагаваць на магчымыя пагрозы сваёй бяспецы.
Ізраіль амаль два месяцы таму пачаў наносіць масіраваныя авіяўдары па Ліване, а пазней і наземную аперацыю на поўдні гэтай краіны для ліквідацыі пагрозы з боку «Хізбалы».
Міністэрства аховы здароўя ў Бейруце паведаміла ў панядзелак, што колькасць загінулых у Ліване перавысіла 3500 чалавек пасля году ўзаемных нападаў. Больш за 100 чалавек загінулі ў выніку абстрэлаў «Хізбалой» Ізраіля. Ізраіль заяўляе, што забіў больш за 2000 баевікоў «Хізбалы», знішчыў значную частку баявога патэнцыялу гэтай групоўкі. Ліванскія СМІ і ўлады паведамляюць, што сярод ахвяр былі мірныя жыхары.
РАР/юл